2458

КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу журналіста Віктара Парфёненкі на МЗС Беларусі

25.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міністэрства замежных спраў сем раз адмаўляла журналісту ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).

Журналіст звяртаўся ў суды розных інстанцый і атрымаў вялізную колькасць адмоваў на нацыянальным узроўні.

– Мая скарга ў Камітэт ААН складае некалькі дзясяткаў старонак. Гэта мой маральны чын, каб прымусіць улады лічыцца са мной як з грамадзянінам Беларусі, які мае пэўныя правы, у тым ліку права на атрыманне, захаванне і перадачу інфармацыі. Я хачу прымусіць Міністэрства замежных спраў паважаць міжнародныя прававыя акты, ратыфікаваныя Беларуссю задоўга да таго, як чыноўнікі цяперашняга МЗС пачалі працаваць на сваіх пасадах, – заявіў журналіст прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

У складанні скаргі журналісту дапамагаў сябра Праўлення арганізацыі, юрыст Алег Агееў. Рашэнне аб рэгістрацыі скаргі было накіравана і афіцыйнаму Мінску, які цяпер, паводле працэдуры, павінен падрыхтаваць адказ.

Нагадаем, што год таму журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Камітэт прызнаў, што правы журналісткі былі парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!