НЕ - ВАЙНЕ!
3910

Конкурс «За адданасць прафесіі»

20.08.2015 Крыніца: Гомельская філія ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА «БАЖ» запрашае калег да ўдзелу ў штогадовым конкурсе на атрыманне дыплома  «За адданасць прафесіі».

На конкурс прымаюцца публікацыі, тэле- і радыёнарысы, якія былі надрукаваныя альбо выйшлі ў эфір з 1 мая 2014 па 3 верасня 2015 года і мелі грамадcкі розгалас.

Кандыдата на дыплом «За адданасць прафесіі» (журналіста, выдаўца ці распаўсюдніка СМІ) можа вылучыць любая суполка ГА «БАЖ», а можна вылучыцца індывідуальна.

Для гэтага трэба падаць у Гомельскую філію ГА «БАЖ» (e-mail: bajgom@mail.ru, fax: 80232 755875) нарыс, артыкул, карэспандэнцыю альбо рэпартаж, якія выклікалі грамадcкі рэзананс.

У заяўцы трэба ўказаць, у якім СМІ яны былі змешчаны і калі. Указваюцца таксама імя, імя па бацьку, прозвішча намінанта, род яго занятку.

Заяўкі прымаюцца да 3 верасня 2015 года. Вынікі падвядуць да 20-годдзя заснавання ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (16 верасня).

Конкурс «За адданасць прафесіі»  Гомельскай філіяй ГА «БАЖ» быў распачаты ў красавіку 2009 года на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова.

Пераможцамі ў розныя гады былі незалежныя журналісты Таццяна Бублікава і Алег Ражкоў, Ларыса Шчыракова, Анатоль Санаценка, Мікалай Бянько і Юля Сівец, Аляксандр Баразенка.

Мэты конкурсу:

- Адзначыць і зрабіць вядомымі грамадскасці выдаўцоў, рэдактараў, журналістаў, карэспандэнтаў, аператараў, фатографаў, распаўсюднікаў друкаваных СМІ, якія сумленна працуюць, нягледзячы на перашкоды.

- Выказаць падтрымку і салідарнасць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафесійнай глебе і праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць.

Адданы прафесіі – удзельнічай у конкурсе!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!