333

Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля (да 20 мая)

30.04.2019 Крыніца: novychas.by

Працягваецца прыём матэрыялаў на ІІІ Конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля.

Вы любіце Беларусь, яе гісторыю і культуру, валодаеце беларускай мовай? Вы лічыце, што Беларусь павінна быць вольнай і дэмакратычнай краінай, дзе выконваюцца законы і паважаюцца правы чалавека? Вы ўпэўненыя, што вам ёсць што сказаць людзям? Вы думаеце, што ваша пакліканне — журналістыка? Але вы не ведаеце, з чаго пачаць? «Новы Час» запрашае вас прыняць удзел у конкурсе імя нашага галоўнага рэдактара Аляксея Караля.

ХТО МОЖА ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ У КОНКУРСЕ?

Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, не абавязкова мець журналісцкую адукацыю ці досвед журналісцкай працы. Патрэбныя толькі жаданне пісаць, валоданне словам і цікавая тэма. Ваш узрост не павінен быць больш за 30 гадоў.

Калі вы адпавядаеце гэтым крытэрам, чакаем на вашы матэрыялы. Улічыце, калі ласка, што да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі арыгінальныя артыкулы на беларускай мове, якія раней нідзе не публікаваліся.

Артыкулы павінны быць праілюстраваныя ўласнымі (вітаецца) ці пазычанымі (з пазначэннем крыніцы) фота.

Калі вы жадаеце падзяліцца аўдыё- ці відэасюжэтам альбо нават уласным дакументальным фільмам, калі ласка, дасылайце вашы мультымедыйныя матэрыялы. Мы будзем рады пазнаёміць з вашай творчасцю шырокую аўдыторыю і даць карысныя парады.

КОНКУРСНЫЯ ПРАЦЫ БУДУЦЬ АЦЭНЬВАЦЦА Ў ЧАТЫРОХ НАМІНАЦЫЯХ:

  • найлепшы грамадска-палітычны матэрыял

  • найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял

  • найлепшы культурна-гістарычны матэрыял

  • найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял

Матэрыялы прымаюцца да 20 мая 2019 года. Вынікі конкурсу будуць падведзены 29 мая 2019 года — у Дзень нараджэння Аляксея Караля.

Усе матэрыялы, якія пройдуць папярэдні адбор у рэдакцыі «Новага Часу», будуць размешчаныя ў адмысловым раздзеле конкурсу на нашым сайце novychas.by, а некаторыя з іх будуць надрукаваныя ў газеце «Новы Час» і на галоўнай старонцы сайту (удзел у конкурсе азначае згоду на выкарыстанне твора на сайце novychas.by і/ці ў газеце «Новы Час»).

Трох лаўрэатаў конкурсу імя Аляксея Караля назаве рэдакцыя «Новага часу». Яшчэ трох пераможцаў вызначаць чытачы «Новага часу», шляхам галасавання на сайце novychas.by.

УВАГА!

На чацвёртую намінаю — найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял — прымаюцца артыкулы, апублікаваны ў "Новым Часе" ў перыяд з 30 мая 2018 года па 20 мая 2019 года. Намінанты і пераможца будуць вызначаны сакратарыятам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Лаўрэатаў конкурсу чакаюць каштоўныя падарункі, неабходныя ў прафесійнай дзейнасці, і прапанова далейшай самарэалізацыі ў дружнай камандзе «Новага часу».

ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ

Усе тэкставыя матэрыялы дасылайце ў электронным выглядзе на пошту «Новага Часу»novychas@gmail.com з пазнакай «КОНКУРС». Адзін канкурсант можа дасылаць некалькі матэрыялаў.

Файл з конкурснай працай павінен утрымліваць назву артыкула і прозвішча аўтара.

Памер тэкстаў не павінен перавышаць 8000 знакаў (у рэдкіх выключэннях да 16000 знакаў) без прабелаў. Памер фота не менш за 800 на 600 і не больш за 2400 на 1800 пікселяў. Фотаздымкі, дасланыя ў якасці ілюстрацыі працы, павінны быць падпісаныя (пазначаны аўтар і крыніца).

Аўдыё і відэаматэрыялы дасылайце ў выглядзе спасылкі на файлы, размешчаныя ў электронным сховішчы (напрыклад, на гугл-дыск).

Таксама канкурсант мусіць напісаць кароткі аповед пра сябе (не больш за 500 знакаў) і даслаць свой фотаздымак.

Адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля

У Мінску названыя лаўрэаты журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля (шмат фота)