744

Кіраўнік Слоніма падаў у суд на блогера NEXTA — патрабуе 50 тысяч рублёў за паклёп

26.09.2019 Крыніца: "Наша Ніва"

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч падаў у суд на Сцяпана Пуцілу, стваральніка тэлеграм-канала Нехта.

У жніўні 2019 года Пуціла напісаў допіс, у якім сцвярджаў, што Хоміча нядаўна злавілі п’яным за стырном.

Справу, маўляў, удалося замяць, але неўзабаве п’янай злавілі яшчэ і жонку мэра Слоніма. «Дамовіцца ў гэты раз не атрымалася», — падсумоўваў Сцяпан Пуціла.

Напрыканцы допіса быў і намёк на карупцыйнай дзейнасць мэра Слоніма: маўляў, яму ўдалося адсправаздачыцца толькі за 26% бюджэтных сродкаў, выдзеленых на Дзень беларускага пісьменства.

Генадзь Хоміч у судовай заяве пераконвае, што ўсе пералічаныя прэтэнзіі — хлусня. Ён патрабуе з Пуцілы 50 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі, якія абяцае ахвяраваць інфекцыйнаму аддзяленню Слонімскай цэнтральнай бальніцы.

Пуціла настойвае: Хоміча рэальна затрымлівалі з нейкай колькасцю праміле ў крыві, што пацвярджаецца нейкімі дакументамі. «Арыгіналы хоць і канфіскаваныя мясцовымі начальнікамі па загадзе раённага царка, але здымкі ж засталіся. Не публікуюцца яны толькі таму, што крыніцы трэба берагчы», — піша ён у новым допісе.