361

Кіраўніцтва БАЖ сустрэлася з прэзідэнтам і генеральным сакратаром Еўрапейскай федэрацыі журналістаў

27.09.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б'ерэгард і генеральны сакратар аб’яднання Рыкарда Гут’ерэс выказалі безумоўную падтрымку і салідарнасць з беларускімі калегамі, а таксама нашым аб’яднаннем – Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Пра гэта было заяўлена на адмысловай антыкрызіснай сустрэчы ЕФЖ і БАЖ, прысвечанай працягу эфектыўнага супрацоўніцтва арганізацый.

Па словах прэзідэнта ЕФЖ Могенса Бліхера Б’ерэгарда, еўрапейская журналісцкая супольнасць цудоўна разумее сітуацыю з пераследам журналістаў у Беларусі і вельмі складанымі ўмовамі працы медыя пад ціскам уладаў. У такіх варунках еўрапейскія журналісцкія арганізацыі заўсёды будуць салідарныя з нашымі калегамі і гатовыя рабіць усё магчымае для падтрымкі журналістаў і сябраў БАЖ.

Удзел у сустрэчы ўзялі таксама старшыня Літоўскага саюза журналістаў Дайнюс Радзявічус, які многія гады быў і застаецца стратэгічным партнёрам БАЖ, а таксама кіраўнік Незалежнай асацыяцыі журналістаў Сербіі Жэліко Бадрожыч.

Прадстаўнікі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў падкрэслілі, што БАЖ застаецца і будзе заставацца паўнавартасным сябрам ЕФЖ, працягне шчыльнае супрацоўніцтва ў межах міжнароднай журналісцкай супольнасці ў выглядзе канкрэтных дзеянняў і праграм.

А старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на наступным тыдні выступіць з дакладам аб сітуацыі з Беларусі на штогадовым кангрэсе ЕФЖ у Загрэбе.

Неўзабаве ў БАЖы будзе выпрацаваны і новы механізм атрымання сябрамі арганізацыі міжнародных прэс-карт з улікам таго, што сябры аб’яднання знаходзяцца ў розных краінах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!