255

Кіеўскі суд адпусьціў на парукі падазраванага ў стральбе ў журналіста

08.05.2019 Крыніца: "Радыё Свабода"

Абалонскі раённы суд Кіева адпусьціў на парукі народных дэпутатаў колішняга салдата-дабраахвотніка Ўладзімера Рэгушу, вядомага пад пазыўным «Санта», піша ўкраінская служба "Радыё Свабода".

45-гадовага Ўладзімера Рэгушу, вэтэрана баявых дзеяньняў на Данбасе, падазраюць у тым, што ён параніў стрэлам у нагу журналіста тэлеканалу «Настоящее время» (супольны праект Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі») Ўладзімера Рунца. Пракуратура прасіла аб арышце Рэгушы, але яго ўзялі на парукі пяць дэпутатаў.

Рэгушу падазраюць у тым, што 5 траўня ён распачаў страляніну ў адным з кіеўскіх пабаў — распачатая крымінальная справа за «хуліганства з ужываньнем зброі». Паводле папярэдніх зьвестак, інцыдэнт зьвязаны не з журналісцкай дзейнасьцю Рунца, а з канфліктам Рэгушы зь ягонай былой дзяўчынай: сьцьвярджаецца, што ён быў вінны ёй буйную суму грошай і нібыта рэгулярна пагражаў. Дзяўчына адпачывала ў пабе з шэрагам знаёмых, у ліку якіх быў журналіст.

«У гэты момант былы патэлефанаваў, спытаў, дзе яна, і сказаў, што зараз прывязе грошы, — сьцьвярджае Рунец. — Замест грошай прывёз зброю, дастаў пісталет, страляў у паветра і пагражаў яе забіць. Пісталет заклінавала, тады ён дастаў з багажніка вінтоўку і пачаў паліць ва ўсіх гасьцей кавярні».

Рунец заяўляе, што спрабаваў угаварыць мужчыну прыбраць зброю, але сам быў паранены ў стапу. Яго праапэравалі, цяпер яго здароўю нічога не пагражае, але заплянаваныя яшчэ дзьве апэрацыі.