НЕ - ВАЙНЕ!
337

КДБ і МУС сінхронна абнавілі спісы датычных да “тэрарыстычнай” і “экстрэмісцкай” дзейнасці. Там шмат журналістаў

05.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Галоўныя сілавыя ведамсты Беларусі працягваюць навешваць на апанентаў рэжыму ярлыкі экстрэмістаў ды тэрарыстаў. У гэтыя шэрагі ўсё часцей трапляюць зняволеныя і ўжо асуджаныя прадстаўнікі незалежных медыяў.

4 лістапада “экстрэмісцкі спіс”, які фармуе Міністэрства ўнутраных спраў,  папоўніўся ажно на 244 прозвішчы. Агулам цяпер там 1714 грамадзян Беларусі і замежных дзяржаў.

У абноўленым “пераліку асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, цэлы шэраг журналістаў і блогераў: асуджаны карэспандэнт спартыўнага партала “Трыбуна” Аляксандр Івулін, фігурант “справы Сяргея Ціханоўскага” і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, нядаўна вызвалены журналіст Радыё “Свабода” Алег Груздзіловіч (пры гэтым у спісе значыцца, што адбывае пакаранне), былы кіраўнік аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і аглядальнік Віктар Фянчук, а таксама грамадскія дзеячы, музыкі ды іншыя.

Паралельна свой “тэрарыстычны спіс” апгрэйдзіў Камітэт дзяржбяспекі — ён больш сціплы, туды дадалі ўсяго 7 чалавек. Цяпер у ім 941 чалавек, таксама беларусы і замежнікі.

І тут не абышлося без журналісцкай прысутнасці. У прыватнасці, абвінавачаныя ў нібыта адміністраванні Чорнай кнігі Беларусі і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці Яніна Сазановіч, Даніла Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская і экс-журналіст “Прессбола”, заснавальнік спартыўнага рэсурсу Sports.ru Дзмітрый Навоша.

Усіх абвінавачваюць у распальванні варожасці (арт. 130 КК),  закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцый) ды іншых  дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (арт. 361 КК).

Раней абодва спісы гэтаксама папаўняліся прадстаўнікамі незалежных СМІ, сярод якіх Андрэй Пачобут, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Марк Бернштэйн ды многія іншыя. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!