575

КДБ абяцае ўлічыць прапановы БАЖ і не пытаць у журналістаў, навошта ім інфармацыя

24.03.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Камітэт дзяржаўнай бяспекі станоўча адрэагаваў на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў і паабяцаў улічыць яго пры ўнясенні зменаў на сайце ведамства. Гэта гаворыцца ў адказе на зварот БАЖ першага намесніка старшыні КДБ Сяргея Церабава.

БАЖ звяртаўся ў КДБ з нагоды таго, што на сайце камітэта апісваецца парадак накіравання запытаў аб атрыманні інфармацыі прадстаўнікамі СМІ. У ім ад прадстаўнікоў СМІ патрабуюць паведамляць тое, калі і дзе будзе выкарыстана прадстаўленая інфармацыя.

На думку БАЖ, дадзенае патрабаванне супярэчыць законам “Аб СМІ” і “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Журналіст і СМІ не павінны паведамляць дзяржаўнаму органу пры запыце інфармацыі звесткі пра тое, як плануецца выкарыстоўваць атрыманы адказ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!