2239

Кастусь Жукоўскі не паехаў у лоеўскі суд з-за параненай нагі

14.07.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Затрыманні журналістаў

14 ліпеня ў Лоеўскім раённым судзе павінны былі разглядацца адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя мясцовай міліцыяй у дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

“Суд прызначылі на 10 гадзін, – кажа фрылансер. – Раніцай я патэлефанаваў у Лоеў і папярэдзіў, што прыехаць не змагу, паколькі параніў нагу і накіроўваюся да лекара. Прасіў перанесці разгляд справаў хаця б на тыдзень. Да таго ж міліцэйскія чыноўнікі і аддзел Следчага камітэта не адказалі яшчэ на мае звароты адносна ўчыненага нада мною гвалту ў РАУС падчас затрымання”.

У чэрвені, пасля відэаздымкаў Лоеўскага камбінату будаўнічых матэрыялаў і затрымання міліцыяй, Жукоўскі атрымаў копіі адразу чатырох адміністрацыйных пратаколаў. Два з іх – нібыта за абразу кіраўніцы спраў Лоеўскага райвыканкаму Ірыны Пастуховай і намесніцы старшыні райвыканкаму па ідэалогіі Наталлі Кауравай, а затым – першага намесніка начальніка РАУС Генадзя Маджары.

Трэці пратакол – нібыта за непадпарадкаванне таму ж Маджару, чацвёрты – нібыта за ўчыненае дробнае хуліганства. Як пазначана ў пратаколе, Жукоўскі “парушыў дзейнасць арганізацыі РАУС, моцна крычаў і сваімі дзеяннямі выказваў яўную непавагу грамадству”.

Кастусь Жукоўскі разам з Аляксеем Атрошчанкам 21 чэрвеня здымалі ў Лоеве відэасюжэт пра гаротны стан мясцовых прадпрыемстваў. На відэа ёсць размова з чыноўніцамі райвыканкама, якія, відавочна, і выклікалі міліцыянтаў з мэтай спыніць відэаздымкі.

Спачатку на месца прыбылі двое супрацоўнікаў ДАІ, а неўзабавае – яшчэ трое, уключна з начальнікам РАУС Уладзімірам Бухаўцовым.

У міліцыі фрылансераў трымалі амаль шэсць гадзін, але ніякіх пратаколаў не складалі. Паводле слоў Жукоўскага, з яго асабіста здзекаваліся, ужываючы сілу. Пра гэта журналіст напісаў у кнізе заўваг і прапаноў РАУС, а таксама ў заяве раённаму аддзелу Следчага камітэту.

Вярнуўшыся ў Гомель, Жукоўскі зняў пабоі і падаў таксама скаргу начальніку абласнога УУС на дзеянні лоеўскіх міліцыянтаў.

Праз тыдзень пасля інцыдэнту з Лоева на гомельскі адрас Кастуся Жукоўскага прыйшлі чатыры копіі адміністрацыйных пратаколаў.

Калега Жукоўскага Аляксей Атрошчанка атрымаў з лоеўскай міліцыі два пратаколы. Вінавацяць Аляксея ў абразе на адрас  службовых асоб дзяржаўнага органа і непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыянта Уладзіміра Бухаўцова. Дату суда Аляксей Атрошчанка пакуль не ведае. Усе шэсць пратаколаў на журналістаў складаў старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі Андрэй Хічоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!