261

Касацыйную скаргу Змітра Лупача не задаволілі

19.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Віцебскі абласны суд 18 сакавіка разглядзеў касацыйную скаргу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. 

Журналіст абскарджваў пастанову Шаркаўшчынскага раённага суда, які прызнаў яго вінаватым у парушэнні заканадаўсмтва аб СМІ і пакараў штрафам паводле арт. 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам  “Белсат” без акрэдытацыі знешнепалітычнага ведамства. Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў сюжэт пра дзіцячую пляцоўку ў Шаркаўшчыне для гумарыстычнай перадачы “Суб’ектыў”.

Зміцер Лупач не прызнаў сваю віну ў судзе і спаслаўся на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і міжнароднае права, якія гарантуюць грамадзянам свабоду слова. Але яго довады спачатку не былі ўлічаныя суддзёй Шаркаўшчынскага райсуда Аксанай Таболай, пасля не пераканалі і суддзю Віцебскага абласнога суда Святлану Іванову. Суддзя Іванова прыйшла да высновы, што суд Шаркаўшчынскага раёна вынес законную пастанову.

Зараз Зміцер Лупач павінен сплаціць дзяржаве штраф памерам 40 базавых велічынь, што складае 1080 беларускіх рублёў. 

Журналіст-фрылансер намераны накіраваць чарговую скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека з прычыны парушэння Беларуссю яго грамадзянскіх правоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!