959

Касацыйную скаргу “Борисовских новостей” адхілілі

05.06.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

4 чэрвеня Мінскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу рэдакцыі газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю.

Яны дамагаліся перагляду рашэння суда першай інстанцыі, які задаволіў зыск участковай медсястры аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

25 красавіка 2015 г. суд Барысаўскага раёна задаволіў пазоў участковай медсястры Панцялей Е.С. да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю Казлоўскай Л. аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

Суддзя Інна Войтка вырашыла прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і ганебнымі для дзелавой рэпутацыі пазоўніцы звесткі, распаўсюджаныя ў артыкуле пад загалоўкам “Кто виноват в смерти пациенты 2-ой поликлиники?”, апублікаванай 24 снежня 2014 г. у выпуску “БН” № 52.

Суд вырашыў спагнаць замест заяўленых пазоўніцай першапачаткова 50 млн рублёў 4 млн рублёў салідарна: 3 млн рублёў – з рэдакцыі газеты “Борисовские новости”, 1 млн рублёў – з Казлоўскай.

Адказчыкам належыць таксама кампенсаваць судовыя выдаткі пазоўніцы (7 млн 935 тыс рублёў мае заплаціць рэдакцыя і 2 млн 645 тыс – спн. Казлоўская).

Акрамя таго, рэдакцыя “БН” павінна апублікаваць рэзалютыўную частку рашэння суда ў газеце на тым жа месцы паласы і тым жа шрыфтам, што і спрэчны матэрыял, у месячны тэрмін з дня ўступленьня рашэння суда ў законную сілу.

У артыкуле, які стаў падставай для зыску, быў апублікаваны ліст чытачкі “БН”, якая распавядала пра нядбайнае абыходжанне медработніцы з яе мужам пры аказанні яму дапамогі дома. Смерць мужа, якая наступіла пасля візіту медсястры, чытачка палічыла наступствам несумленнага выканання абавязкаў працаўніцай паліклінікі. У гэтым жа артыкуле была апублікаваная вытрымка з пісьмовага адказу галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай лякарні на зварот пацярпелай (жонкі памерлага). Кіраўнік медыцынскай установы паведамляў, што службовая праверка не знайшла пацвярджэння выкладзеных жанчынай фактаў.

Нягледзячы на прысутнасць меркаванняў абодвух бакоў канфлікту, супрацоўніца паліклінікі палічыла факт публікацыі артыкула распаўсюдам ілжывых і ганебных для сябе звестак.