245

Карэспандэнту Язэпу Палубятку вярнулі з міліцыі некаторыя рэчы толькі пасля скаргі ў пракуратуру

07.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пасля скаргі ў пракуратуру, карэспандэнту “ГС” на Мастоўшчыне Язэпу Палубятку вярнулі з мясцовага РАУС канфіскаваныя падчас ператрусу 22 сакавіка рэчы.

Нагадаем, што сёлета 22 сакавіка Язэпа Палубятку змясцілі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання Мастоўскага РАУС без тлумачэння прычыны. Пакуль сядзеў, правялі ператрус у яго кватэры. Забралі з кватэры мабільны тэлефон, сістэмны блок камп’ютара і іншыя рэчы.

25 сакавіка Палубятку ў судзе Мастоўскага раёна пакаралі штрафам у 25 базавых адзінак за бел-чырвона-белы сцяжок у вакне з афіцыйна зарэгістраванай сімволікі партыі БСДП (Грамада), заснавальнікам і сябрам якой Палубятка з’яўляецца ўжо 30 год. У той жа дзень штраф быў заплачаны. Аднак камп’ютар і мабільны тэлефон з міліцыі аддалі толькі праз 10 дзён у непрацоўным стане.

— Некалькі гадзін спатрэбілася майстру, каб аднавіць працу майго камп’ютара пасля вяртання з міліцыі. А ў сотавы тэлефон сімку ўхітрыліся ўставіць не тым бокам. Але тады не вярнулі іншыя рэчы: партыйны часопіс “Пазіцыя”, пасведчанне сябра партыі, Ганаровую грамату прэзідыюма з нагоды 30-годдзя існавання БСДП, як заснавальніку, экземпляры газеты “Глос з-пад Нёмна” і часопіса “Магазін”, якія выходзяць на польскай мове ды іншае. Самае дзіўнае, што з шуфляды рабочага стала забралі нарукаўныя міліцэйскія нашыўкі 1990-х гадоў з выявай зубра. Усё гэта аддалі толькі 4 траўня пасля майго звароту ў пракуратуру, — распавёў Язэп Палубятка службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” гісторыю вяртання з міліцыі сваіх рэчаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!