673

Карэспандэнтаў Intex-press не пусцілі на сустрэчу з Мясніковічам

29.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

26 кастрычніка старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Міхаіл Мясніковіч наведваў Баранавічы. Журналістаў недзяржаўнай мясцовай газеты Intex-press на Баранавіцкі станкабудаўнічы "Атлант" не пусцілі.

Мясніковіч падчас наведвання Баранавіцкага станкабудаўнічага завода  "Атлант"

Пра візіт Мясніковіча ў Баранавічы Intex-press паведамілі чытачы: у рэдакцыі незалежнага выдання цяжкасці з атрыманнем інфармацыі ў афіцыйных органах улады, затое добрая сувязь з чытачамі.

Гарадскія ўлады спачатку дазволілі журналістцы Intex-press Алене Зелянко прысутнічаць на сустрэчы з Мясніковічам, аднак затым перадумалі. Начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Баранавіцкага гарвыканкама Вольга Дудко раніцай 26 кастрычніка паведаміла галоўнаму рэдактару газеты, што журналістаў Intex-press у спісе запрошаных няма.

Карэспандэнтку Intex-press Алену Зелянко на прадпрыемства так і не пусцілі. Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ — раённай газеты, мясцовага радыё і тэлебачання — на сустрэчы з чыноўнікам са сталіцы прысутнічалі.

"Гэта абуральная сітуацыя, з якой мы не можам мірыцца. Нашы чытачы маюць такое ж права на інфармацыю, як і чытачы дзяржаўных выданняў. Гэта права гарантуецца Канстытуцыяй,і мы будзем настойваць на яго выкананні службоўцамі", — сказала службе маніторынгу ГА “БАЖ” Алена Зелянко.