690

Карэспандэнта “Газеты Слонімскай” Язэпа Палубятку сёння не судзілі. Дагэтуль невядома, чаму яго затрымалі

23.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай 23 сакавіка дзяжурны Мастоўскага РАУС паведаміў жонцы Язэпа Палубяткі,  затрыманага ўчора ў міліцыі, што яе мужа сёння даставяць у суд. Але гэта аказалася падманам — — у суд Палубятку не дастаўлялі. 

Жонка журналиста Язпа Палубяткі сёння была ў міліцыі. Там ёй сказалі, што супраць мужа завялі адміністрацыйную справу. Якую і за што — не патлумачылі. 

У Мастоўскім РАУСе прынялі ад жонкі перадачу: сок, ваду, каўбасу, курыцу, гігіенічныя прыналежнасці, кнігу, блакнот, асадку. Жонка папрасіла міліцыянера спытаць у мужа, што яшчэ патрэбна. Прыйшоў і сказаў, што Язэп прасіў перадаць: "Больш нічога не трэба".

— Будуць трымаць, відаць, гэтыя дні. Адміністрацыйную справу яны завялі, а за што, то мо яшчэ і не прыдумалі, — сказала Ларыса Васільеўна. На пытанне, калі справу перададуць у суд, адказу ў мастоўскай міліцыі жанчына не пачула.

У панядзелак, 22 сакавіка, уласны карэспандэнт “ГС” у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позве на допыт у міліцыю на 11 гадзін. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся. Да яго дадому прыйшлі з вобшукам. Ааглядзелі паперы, кнігі, часопісы. Забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які муж пакінуў дома, сканер, фотаапарат. 

Нагадаем, што ў позве з міліцыі, якую на кватэру Палубяткі прынёс 19 сакавіка капітан міліцыі Мастоўскага РАУС Павел Сівец, не было сказана ў якасці каго Палубятку выклікаюць на допыт. З гэтай нагоды Язэп Палубятка напісаў заяву начальніку мастоўскай міліцыі і раённаму пракурору.

Вусна капітан Сівец патлумачыў, што гэта звязана з публікацыямі Палубяткі ў тэлеграм-каналах. Сам Палубятка заявіў, ён ніколі нічога не пісаў ні ў якія Тэлеграм-каналы, а на яго камп’ютары і тэлефоне нават не ўсталяваны месенджар Telegram.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!