640

Карэспандэнт “Газеты Слонімскай” у Мастах Язэп Палубятка з допыту ў міліцыі не вярнуўся. У яго кватэры прайшоў ператрус

23.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У панядзелак, 22 сакавіка, уласны карэспандэнт “ГС” у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позве на допыт у міліцыю аб 11-ай гадзіне. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся.

— Іосіф пайшоў у міліцыю на 11 гадзін, а ўжо а 12-ай  прыехала міліцыя з ператрусам. Паказалі санкцыю пракурора.

З міліцыянтамі былі двое панятых-сутачнікаў. Паглядзелі паперы, кнігі, часопісы. Забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які муж пакінуў дома, сканер, фотаапарат. Калі я запытала, ці вернецца муж дамоў, то сказалі, што вернецца. А калі вечарам я пазваніла дзяжурнаму і спытала, дзе муж, дзяжурны адказаў, што ён будзе сёння начаваць у міліцыі. Больш нічога не сказаў. Відаць, заўтра будзе суд, калі не выпусцілі. Але які, за што?.. Яны нічога не кажуць, — распавяла службе маніторынгу ГА “БАЖ” жонка Язэпа Палубяткі Ларыса Васільеўна.

Нагадаем, што ў позве з міліцыі, якую на кватэру журналіста прынёс 19 сакавіка капітан міліцыі Мастоўскага РАУС Павел Сівец, не было сказана ў якасці каго Палубятку выклікаюць на допыт. З гэтай нагоды Язэп Палубятка напісаў заяву начальніку мастоўскай міліцыі і раённаму пракурору.

Вусна капітан Сівец патлумачыў, што гэта звязана з публікацыямі Палубяткі ў тэлеграм-каналах. Сам Палубятка заявіў, што ён ніколі нічога не пісаў ні ў якія тэлеграм-каналы, а на яго камп’ютары і тэлефоне нават не ўсталяваны месенджар Telegram .

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!