167

“Карандаш” не парушаў правы блогера як спажыўца — так вырашыў суд у райцэнтры Акцябрскі

13.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Cуд Акцябрскага раёна 12 сакавіка адмовіў мясцоваму блогеру Андрэю Павуку ў задавальненні яго прэтэнзій як спажыўца да друкарскага цэнтра “Карандаш”, заснаванага мінскім ТАА “Інфаэксперт”. Блогер хацеў спагнаць з заснавальніка 900 рублёў маральнай шкоды.

Спрэчная сітуацыя здарылася падчас восеньскай выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Андрэй Павук, спакусіўшыся на дэвіз друкарскага цэнтра “Всегда вовремя”, замовіў нанясенне выяў партрэтаў чыноўнікаў Гомельшчыны на майкі і сумкі.

Напрыклад, на майцы пад партрэтам тагачаснай начальніцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама  Ірыны Даўгала, якая балатавалася ў парламент, блогер хацеў надрукаваць такі подпіс: “3600 рублёў у месяц я заслужыла”. Гэта не прыдумка — чыноўніца сама заявіла пра “заслужанасць” на тэледэбатах.

Нанесці партрэты чыноўнікаў на сумкі і майкі і раздаць іх выбаршчыкам у якасці сувеніраў, каб такім чынам выказаць прызнанне працы гэтых дзяржслужбоўцаў, у блогера не атрымалася. Аператар друкарскага цэнтра Лізавета Хоміч палічыла, што замова спрэчная і патрабуе дадатковага вывучэння. Замову прапанавалі ўзяць на акцэпт, каб цягам месяца вырашыць, як з ёй паступіць.

“Яшчэ ў лістападзе праз Кнігу заўваг і прапаноў я прасіў патлумачыць, якім чынам супрацоўнікі друкарскага цэнтра вызначаюць спрэчную сітуацыю са спажыўцом паслуг і ў чым канкрэтна яна выявілася ў маім выпадку. Спрабаваў нават знайсці нумар тэлефона заснавальніка цэнтра, каб дасканала ва ўсім разабрацца. Не атрымалася. Таму і вырашыў звярнуцца ў суд”, — паведаміў службе маніторынгу  ГА “БАЖ” Андрэй Павук.

Аднак  у суд  ніхто з прадстаўнікоў ТАА “Інфаэксперт” не прыехаў. У пісьмовым тлумачэнні суду Акцябрскага раёна дырэктар прадпрыемства Крывальцэвіч  паведамляў, што спрэчная сітуацыя ўзнікла з-за “немагчымасці выканання замовы па тэхнічных прычынах”, “абсталяванне не магло забяспечыць выкананне друку належнай якасці, зыходзячы з прадастаўленых патэнцыйным заказчыкам А. У. Павуком на той час файлаў”.

І дадаў, што Павуку прапанавана было пакінуць заяўку на акцэпт дзеля “разгляду магчымасці на выкананне замовы”, але ён гэтага не зрабіў.

Суддзя Уладзімір Васілеўскі, які разглядаў пазоў да друкарскага цэнтра “Карандаш” і яго заснавальніка, вырашыў, што прэтэнзіі Павука неабгрунтаваныя.

За судом назіраў сябра ГА “БАЖ”, юрыст Леанід Судаленка, ён зазначыў, што Андрэй Павук паступіў слушна, прад’явіўшы друкарскаму цэнтру пазоў. Дарагое яечка да Вялікадня. Да таго ж блогер адчуў дыскрымінацыю ў дачыненні да сябе і сваіх замоваў у згаданага выканаўцы, а яшчэ і час змарнаваў.

“Адмовіліся вырабляць майкі, хутчэй за ўсё, з палітычнай перасцярогі, — лічыць Леанід Судаленка. — Партрэты любога артыста ці рок-музыкі друкуюць без праблем, а начальніцу, якая праз дэпутатства захацела стаць “слугой народа” — пабаяліся, хоць і спаслаліся ў тлумачэннях суду на адсутнасць тэхнічнай магчымасці. Не выключаю, што ў такой абсурднай сітуацыі, як Павук, могуць аказацца і іншыя заказчыкі гэтага цэнтра. Перакананы, што нельга ні мне, ні Павуку, ні любому іншаму грамадзяніну забараняць насіць на майцы партрэт публічнай асобы — дэпутата, палітыка, музыканта. Калі ў каго будуць прэтэнзіі, ён сам іх мне прад’явіць, у тым ліку і праз суд”.

Праваабаронца Андрэй Стрыжак, які таксама прыязджаў у Акцябрскі на слуханне справы, прыгадаў, што з дзясятак гадоў таму некаторыя фірмы, якія займаліся нанясеннем прынтаў, таксама імкнуліся пазбавіцца ад замоў, калі іх прасілі надрукаваць беларускі гістарычны герб “Пагоня”. Таксама спасылаліся то на тэхнічныя прычыны, то на яшчэ што-кольвечы.

“Я б у такім разе раіў ставіць пытанні перад адпаведнымі структурамі  пра неправамернасць атрымання ліцэнзіі на падобны від дзейнасці”, — кажа праваабаронца Стрыжак. 

Пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння суда блогер Павук будзе з юрыстамі вырашаць, абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі ці не.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!