2728

«Капай глыбей!» На Глыбоччыне прайшлі «БАЖынкі-2015»

10.08.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сёлетні карпаратыўны фэст сабраў больш за 40 удзельнікаў і пакінуў след не толькі ў іх памяці ды на флэшках фотаапаратаў, але і ў Вікіпедыі.

 

7-8 жніўня Глыбоцкая суполка ГА «БАЖ» прымала гасцей. Гаспадары на чале з Таццянай Смоткінай старанна рыхтаваліся паказаць свой улюбёны горад найлепшым чынам, і знаёмства з ім атрымалася сапраўды ўсебаковым: і зверху, і знізу, і знутры.

Мясцовыя краязнаўцы Уладзімір Скрабатун і Юрый Каўбасіч правялі групу БАЖаўцаў па цэнтры горада, распавёўшы пра яго гісторыю і пра сваіх выбітных землякоў. А ў царкве Раства Прасвятой Багародзіцы (першапачаткова – касцёл ордэна кармелітаў) гасцям дазволілі нават спусціцца ў старажытныя сутарэнні і падняцца на званніцу.  

Самае прахалоднае месца за два дні...

Лозунг сёлетняга фэсту "Капай глыбей" аказаўся дарэчы ад самага пачатку.

На званніцы.

Знаёмства з Глыбоччынай працягнулася і падчас працы ў камандах – кожная з іх атрымала заданне напісаць для Вікіпедыі артыкул на пэўную тэму: пра “Вішнёвы фэст” і селекцыянера Баляслава Лапыра, пра магілу і помнік Мюнхгаўзену, пра Напалеона ў Глыбокім, пра мясцовы дэндрапарк і пра газету “Вольнае Глыбокае”.

Трэнер Святлана Ермаковіч. Ёй дапамагаў вікі-рэдактар Юрый Кундрат.

Напачатку адбыўся майстар-клас ад арганізацыі “Фаланстэр”: трэнеры патлумачылі тэхнічны бок справы і расказалі, па якіх крытэрах будуць ацэньваць працы “вучняў”. Журналісты адказна падышлі да справы і сапраўды “капалі глыбей”, пакінуўшы ў Вікіпедыі  шэсць паўнавартасных артыкулаў – найлепшую падзяку глыбачанам за гасціннасць.

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец з салодкім сюрпрызам ад глыбачан у часе кава-паўзы.

Увечары госці пераехалі на аграсядзібу ў вёсцы Валодзькава, дзе іх чакала прахалоднае возера, а потым – вячэра, вогнішча, рамантычны Зміцер Вайцюшкевіч, танцавальны майстар-клас пад дуду і скрыпку і безліч зораў на чыстым жнівеньскім небе.

Зміцер спяваў пра беларускіх кабет, мужчын, каханне, аблокі, сны, месяц... А заадно рэпетаваў свой гіпатэтычны выступ на "Славянскім базары".  

У пошуках страчанага Інтэрнэту. 

На наступны дзень журналісты паснедалі, крыху падужаліся ў рыбалцы, дартсе і валейболе і перайшлі да падрыхтоўкі прэзентацый каманд.

Дзве рыбкі на дзве каманды за паўгадзіны ў маленькай сажалцы - нядрэнны вынік. (У выніку "БАЖынак" ніводная рыбка не пацярпела, бо абедзвюх выпусцілі).

Нягледзячы на анамальную спёку, многія прэзентацыі атрымаліся надзвычай крэатыўнымі і энергічнымі.

Каманда Алега Агеева і маладзечанскіх дзяўчат называлася “Піражок з вішнямі”.   

Каманда “Скрабатуны” пад кіраваннем Змітра Саўкі нават падрыхтавала спецвыпуск газеты “Вольнае Глыбокае” і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Шляхам апытання, як заўсёды, выбралі "Містэра БАЖынкі" і "Міс БАЖынкі". Кандыдатаў, што характэрна, было шмат... Але перамаглі Алег Агееў і Таццяна Цыуля. 

Шчыра дзякуем усім за добрую кампанію! Да новых сустрэч на "БАЖынках"!

Калі ў вас ёсць удалыя фотаздымкі з мерапрыемства, якімі вы хацелі б падзяліцца з сайтам baj.by, калі ласка, дасылайце іх на press@baj.by       

ФОТАГАЛЕРЭЯ

 

На гэтую ж тэму:

«Бажынкі»-2015: Капай глыбей