НЕ - ВАЙНЕ!
380

Канвеер лаяльнасці. Журфак цалкам пераходзіць на падрыхтоўку “кішэнных прапагандыстаў”

02.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

З новага навучальнага года факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта кардынальна зменіць падыходы да навучання студэнтаў. Гэта вынікае з інтэрв’ю выканаўцы абавязкаў дэкана Лізаветы Хмель. 

Дагэтуль факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прапаноўваў тры спецыяльнасці: "журналістыка па напрамках" (вэб-журналістыка, друкаваныя СМІ і аўдыёвізуальныя медыя), "інфармацыя і камунікацыя" (рэклама і піяр),  "міжнародная журналістыка". З наступнага года застануцца дзве — абагульненая "журналістыка" і "інфармацыя і камунікацыя" (выглядае, што са знешняй ізаляцыяй адпала і патрэба ў “міжнароднасці”). Іншымі словамі, або журналіст, або спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. 

Як патлумачыла выканаўца абавязкаў дэкана, сучасным беларускім СМІ (пры гэтым маюцца на ўвазе выключна дзяржаўныя выданні) усё больш неабходныя “ўніверсальныя журналісты”.  

“Мы прапануем навучаць спецыялістаў, якія патрэбны краіне і адпавядаюць цяперашнім патрабаванням медыйнай сферы. Таму асноўная навіна — універсалізацыя. З пункту гледжання ўзаемадзеяння з замоўцамі кадраў нічога не змянілася: як рыхтавалі для дзяржаўных СМІ, так і рыхтуем.

Студэнты два першыя гады будуць навучацца звыклым дысцыплінам — ад тэхналогіі медыявытворчасці да таго, як працаваць з фейкамі. А перад трэцім курсам абяруць профілі для паглыблення навыкаў”.

Верагодна, за аснову ўзятыя “рэкамендыцыі”, якія дагэтуль агучвалі разнастайныя медыяфункцыянеры — ад міністра інфармацыі да штатных прапагандыстаў. Усе яны неаднаразова адсылалі да “аўтарскай журналістыкі”, нібыта беларускага ноў-хаў. Па-сутнасці, гаворка пра “аналітыку” на мяжы фолу, якую з экранаў і першых палос бюджэтнага афіцыёзу дазваляюць сабе Рыгор Азаронак, Людміла Гладкая, Ксенія Лебедзева, Андрэй Мукавозчык ды іншыя “рупары” цяперашняга рэжыму. 

Выглядае, што ім падобных хочуць паставіць на паток. Дарэчы, адыёзны вядоўца АНТ Ігар Тур, нягледзячы на небагаты прафесійны вопыт, ужо запісаўся ў шэрагі журфакаўскіх выкладчыкаў.  

“Па спецыяльнасці "журналістыка" будуць тры профілі, — кажа Лізавета Хмель. — Найперш, "аўтарская журналістыка і блогінг". Будзем рыхтаваць блогераў, што запатрабавана сярод моладзі. Паколькі гэта той жа журналіст, толькі не ў межах прававога профілю, трэба навучыць яго асновам медыявытворчасці, журналісцкай этыкі. Каб мог мець дыплом БДУ з кваліфікацыяй "журналіст" і працаваць самастойна ці ў СМІ. Другі профіль — "лічбавыя платформы" (усё пра ўзаемадзеянне ў лічбавым полі). Трэці — "журналістыка і інфармацыйная бяспека" (уменне працаваць з верыфікацыяй інфармацыі, веданне палітычных працэсаў і тэхналогій)”.

Што да спецыяльнасці "інфармацыя і камунікацыя", студэнтам таксама прапануюць тры профілі. І адразу наўпроставы намёк на тое, што любая “самадзейнасць” з праявай грамадзянскай пазіцыі будзе спыняцца. Толькі інтарэсы дзяржавы, — пацвярджае “пераходная” кіраўніца журфаку.  

“Першы напрамак — "палітычная камунікацыя", каб выпускнікі ведалі, якія паліттэхналогіі прымяняюцца для падтрымання парадку дня і забеспячэння дзяржаўных інтарэсаў. Другі профіль — "PR і рэклама", гэта таксама запатрабавана. Трэці — "маркетынгавыя камунікацыі", адпаведна, прасоўванне брэндаў арганізацый. Студэнты, якія паспяхова скончылі другі курс, змогуць выбіраць кірунак першымі. Калі балы невысокія, працуе рэшткавы прынцып, — туды, дзе засталіся месцы. Такім чынам, гэта яшчэ і стымул добра вучыцца, каб была магчымасць выбіраць”.

Пры гэтым Лізавета Хмель удакладніла, што навацыі не закрануць тых студэнтаў, якія ўжо навучаюцца па абранай спецыялізацыі. Таму ўсе, хто паступіў на "міжнародную журналістыку", будуць выпускацца менавіта па гэтай спецыяльнасці.

Пракаментавала яна і размовы адносна таго, што ў 2023 годзе на факультэт журналістыкі будзе набор толькі на бюджэтную форму навучання, каб канчаткова “прывязаць” выпускнікоў да непазбежнасці размеркавання ў лаяльныя медыя. 

“Ужо з гэтага навучальнага года прынятае рашэнне набіраць студэнтаў на спецыяльнасць "журналістыка" толькі на бюджэтную форму. Гэта звязана з тым, што журфак мае вялікую колькасць заявак ад працадаўцаў. Паколькі ў гэтым ёсць патрэба, вырашылі ўсім студэнтам забяспечыцць працоўныя месцы. Пасля заканчэння навучання яны ўсе ідуць па размеркаванні ў сродкі масавай інфармацыі, мы папаўняем рынак маладымі спецыялістамі. Што да спецыяльнасці "інфармацыя і камунікацыя", то засталіся і бюджэтныя, і платныя месцы. І ў наступным навучальным годзе па гэтай спецыяльнасці будуць абодва варыянты”.

Лізавета Хмель пахвалілася, што журфак — адзін з нямногіх факультэтаў, дзе студэнты стажыруюцца з першага курса, ніводзін іншы не дае такой колькасці практыкі. І заклікае “не памыліцца з выбарам”. Праўда, пры прымусова-размеркавальнай сістэме, дзе практычна не існуе іншых варыянтаў, акрамя “правільных” рэдакцый, прамахнуцца амаль немагчыма.

“Бывае, што студэнты не паспяваюць набыць належны вопыт да моманту працаўладкавання, але калі побач вопытныя калегі — усё вырашальна. Для гэтага і існуюць два гады размеркавання, за якія набіраешся досведу. Важна, калі адразу, з першага курса, ведаеш, на якую арганізацыю будзеш працаваць, і робіш упор на спецыфіку таго СМІ. Студэнт праходзіць там практыку, знаёміцца з калектывам, разумее, што яму трэба. Тэарэтычныя навыкі атрымліваеш на журфаку, а практычныя адпрацоўваеш у сваёй рэдакцыі цягам навучання”, — падсумавала Лізавета Хмель.

Варта адзначыць, што вось ужо два месяцы факультэт журналістыкі БДУ функцыянуе з вакантнай пасадай дэкана. На пачатку кастрычніка стала вядома пра звальненне папярэдняй кіраўніцы Вольгі Самусевіч, якая адзначылася маштабнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да студэнтаў і выкладчыкаў, пакараных за ўдзел у масавых акцыях пратэсту 2020 года ці западозраных у нелаяльнасці да ўлады.

Чытайце яшчэ:

“Мы не хотим, чтобы Беларусь превратилась в черную информационную дыру”. О чем говорили на Форуме свободной журналистики

Тэлеканал «Дождь» звольніў вядоўцу, які ў этэры расказаў пра дапамогу расейскім мабілізаваным

Чарговы працэс над журналістам: судзяць рэдактара спецпраектаў газеты “Автобизнес”

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!