Аўтарская калонка

Канстытуцыя – за фрыланс!

10.06.2015 Аўтарская калонка Андруся Клікунова 2155

Падчас Штогадовага сходу Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), які адбыўся 1-2 чэрвеня 2015 г. у г. Будва, Чарнагорыя, 47 арганізацыяў-сябраў гэтага міжнароднага згуртавання з 33 краін Еўропы адзінагалосна падтрымалі Заяву з прычыны чарговага трывожнага наступу на свабоду слова ў Беларусі. Гэтым разам у фокусе міжнароднае ўвагі апынуліся беларускія журналісты-фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. І таму была важкая прычына…

20 адміністратыўных справаў з красавіка 2014 г., амаль 100,000,000 беларускіх рублёў у выглядзе штрафаў за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”, дзясяткі афіцыйных папярэджанняў за “незаконную журналісцкую дзейнасць”…

Дэлегаты Штогадовага сходу ЕФЖ сышліся ў думцы аб тым, што “падобны пераслед за распаўсюд інфармацыі ў замежных СМІ з’яўляецца грубым парушэннем стандартаў свабоды слова і замахам на правы журналістаў”.

З гэтай нагоды хацелася б задумацца аб тым, што канкрэтна парушаецца ў падобных выпадках…

Як гаворыцца, адказ на паверхні:

1. Артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаны і ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь:

“…2. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымоўваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або шляхам друку або мастацкіх формаў выказвання, ці ў іншы спосаб паводле свайго выбару.

3. Карыстанне прадугледжанымі ў п.2 гэтага артыкула правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Адпаведна, яна можа быць звязаная з пэўнымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць вызначаныя законам і з’яўляцца неабходнымі:

а) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў;

б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.”

(Спіс выключэнняў вычарпальны – заўвага аўтара.)

2. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

“Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

...

Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.”

(Спіс абмежаванняў вычарпальны – заўвага аўтара.)

“Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.”

“Артыкул 137. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай.

У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.”

Абсалютна відавочна, што, як, напрыклад, тыя ж перакладчыкі, журналісты заслугоўваюць права на працу як па аўтарскіх дамовах, дамовах падраду, гэтак і ў фармаце фізічных асобаў – платнікаў адзінага падатку або ІП… Яны заслугоўваюць на права выходзіць самастойна на медыйны рынак і прапаноўваць свой талент, свае журналісцкія паслугі (у тым ліку арыгінальныя ідэі матэрыялаў і завершаныя журналісцкія працы) сродкам масавай інфармацыі ў Беларусі і за яе межамі.

Як і любыя іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, журналісты-фрылансеры валодаюць канстытуцыйным правам на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі ў незалежнасці ад межаў.

Хацелася б звярнуць на гэтую акалічнасць увагу як беларускіх парламентароў, гэтак і прадстаўнікоў выканаўчай улады – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Не можа быць, каб практычна ўся Еўропа, уся прагрэсіўная журналісцкая супольнасць ведала пра існаванне і абараняла правы журналістаў-фрылансераў, а Беларусь займалася іх цкаваннем. Гэта тупіковы шлях. Шлях у нікуды.

Журналіст – творчая асоба. У дэмакратычнай дзяржаве журналісты – вочы і вушы грамадства. Толькі праз павагу да журналіста і журналістыкі магчыма дасягнуць развіцця грамадства і дзяржавы, дзе голас кожнага будзе пачуты.

Хацелася б такой перспектывы і для Беларусі.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!