347

Кампанію Meta, якая валодае Instagram і Facebook, у Расеі ўнесьлі ў сьпіс тэрарыстаў

12.10.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Амэрыканскую карпарацыю Meta, якая валодае сацыяльнымі сеткамі Facebook і Instagram, расейскія ўлады ўнесьлі ў сьпіс арганізацый, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму або тэрарызму.

У канцы сакавіка 2022 году суд у Маскве прызнаў дзейнасьць амэрыканскай карпарацыі Meta экстрэмісцкай і забараніў яе ў Расеі.

Пад забарону падпалі таксама сацсеткі Facebook і Instagram, якія належаць Meta, але ня мэсэнджар WhatsApp, бо ён «не ажыцьцяўляе публічнае распаўсюджваньне інфармацыі». За карыстаньне сацыяльнымі сеткамі грамадзянам і арганізацыям пакараньне не пагражае.

Сёньня агенцтва «Інтэрфакс» з спасылкай на Расфінманіторынг паведаміла, што Meta ўнесьлі ў сьпіс тэрарыстаў.

Акрамя амэрыканскай кампаніі, туды таксама дадалі моладзевы дэмакратычны рух «Весна».

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «Весна» заклікала ўдзельнічаць у антываенных мітынгах і акцыях.

У траўні супраць васьмярых сябраў руху была ўзбуджаная крымінальная справа аб стварэньні некамэрцыйнай арганізацыі, якая замахваецца на асобу і правы грамадзян. У верасьні стала вядома, што гэтую справу аб'ядналі ў адно вядзеньне зь іншай крымінальнай справай — па артыкуле аб уцягваньні асоб у масавыя беспарадкі, узбуджаным яшчэ ў сакавіку. Праз абʼяднаньне спраў удзельнікам «Весны» пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Чытайце яшчэ:

Затрыманыя сужэнцы-журналісты, імаверна, на “Валадарцы” – паводле “народнага артыкула”

Лукашэнка даў ордэн Скарыны кіраўніку тэлерадыёкампаніі «Мір», якая прапагандуе вайну

Беларускі фатограф папрасіў люблінцаў сфатаграфавацца на двухногім зэдліку. Паглядзіце, што атрымалася

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!