НЕ - ВАЙНЕ!
1267

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу журналіста Змітра Лупача

26.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Незалежны журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН пасля праходжання ўсіх судовых інстанцый у Беларусі ў спробах абскардзіць вынесены штраф.

З пачатку года ўлады аштрафавалі Змітра Лупача ўжо на 2 156 рублёў. Было тры суды за супрацу з тэлеканалам “Белсат” у Пастаўскім, Докшыцкім і Шаркоўшчынскім райсудах, дзе аштрафавалі на 25, 40, 23 базавых велічынь адпаведна.

На Віцебшчыне Змітра штрафуюць больш за астатніх, міліцыя ходзіць па пятах. Да адказнасці ён прыцягваўся ўжо ў некалькіх гарадах Віцебскай вобласці: Глыбокім, Докшыцах, Паставах, Шаркоўшчыне.

Праваабаронца Павел Левінаў, які дапамагаў Змітру Лупачу складаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека, паведаміў 24 сакавіка пра яе рэгістрацыю:

— Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў пад нумарам 3137/2018 (BLR (259)) дасланае мной 8 лістапада 2017 года паведамленне ў інтарэсах журналіста-фрылансера Дзмітрыя Лупача, якога ўлады прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за выраб інфармацыі без акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ.

Скарга датычылася мінулагодняга суда за сюжэт пра невыкананне капрамонта дома па вуліцы Леніна, 142 у Глыбокім, за які ён быў аштрафаваны са сваёй калегай Таццянай Смоткінай. Суд быў тады ў траўні, касацыйны суд у Віцебску адбыўся ў чэрвені.

— У мяне пададзеная яшчэ адна скарга ў Камітэт па правах чалавека на той суд, дзе мяне судзілі за апытанку наконт вучэнняў “Захад-2017”, але гэтая скарга знаходзіцца яшчэ ў працэсе рэгістрацыі, — паведаміў Зміцер Лупач у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”. — Я лічу, што трэба скардзіцца ў міжнародныя структуры, бо ў нас абскарджванні прысудаў выніку ніякага не даюць. Разумею, што цяперашняя ўлада ў нас не на стагоддзі, таму з цягам часу гэтыя справы будуць перагледжаныя. Спадзяюся, што нас, незалежных журналістаў, усё ж прызнаюць невінаватымі. Таму скардзіцца у Камітэт па правах чалавека варта.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!