589

Камітэт ААН прызнаў беларускі ўрад адказным за парушэнне правоў фрылансера Жукоўскага

25.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Камітэт ААН па правах чалавека апублікаваў 21 лістапада два рашэнні (№2955/2017 і 3067/2017) наконт скаргаў былога гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, якога беларускія ўлады сістэматычна пераследавалі за супрацоўніцтва з беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” (Польшча) без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

У 2015-2016 гадах суды Гомельскай вобласці  на падставе міліцэйскіх пратаколаў 12 разоў штрафавалі Жукоўскага за незаконны выраб прадукцыі СМІ паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях РБ. Агулам сума штрафаў склала 5626 еўра.

Сябра ГА “БАЖ”, юрыст Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы журналістаў у КПЧ ААН, кажа, што ў абодвух рашэннях міжнародныя эксперты прызналі беларускі ўрад адказным за парушэнне правоў фрылансера Жукоўскага на збор і распаўсюд інфармацыі.

“Камітэт ААН па правах чалавека абавязаў урад Беларусі даць ахвяры парушэння эфектыўную прававую абарону, уключна з поўнай кампенсацыяй шкоды і любых выдаткаў, якія ён меў. Беларусь абавязана таксама прыняць меры для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучым, у прыватнасці, шляхам перагляду свайго нацыянальнага заканадаўства аб СМІ і практыкі яго прымянення”, — дадае юрыст Судаленка.

Акрамя таго, Беларусі прапанавана цягам 180 дзён падаць у КПЧ ААН інфармацыю пра выкананне яго рашэнняў, а таксама распаўсюдзіць інфармацыю пра рашэнні Камітэта на сваіх афіцыйных мовах.

Эксперт падкрэслівае, што ў разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і правоў чалавека акрэдытацыя ў МЗС з’яўляецца інструментам, які стварае палёгку для журналістаў у атрыманні інфармацыі, а не дазвол на працу, як гэта разумеюць беларускія чыноўнікі.

Нагадаем, беларускі ўрад жорстка пераследуе незалежных журналістаў-фрылансераў за збор і распаўсюд агульнадаступнай інфармацыі.

У Камітэт ААН па правах чалавека з прычыны пераследу звярнуліся таксама журналісты-фрылансеры: Ларыса Шчыракова, Андрэй Толчын, Наталля Крывашэй з Гомеля, Андрэй Павук з Акцябрскага, Тамара Шчапёткіна з Бярозы, Аляксандр Буракоў з Магілёва.

Кастусь Жукоўскі з прычыны пераследу і пагрозаў эміграваў з сям’ёй у адну з заходніх краін.

Кастусь Жукоўскі пра эміграцыю: жыць у такіх умовах многія ў Беларусі нават не мараць

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!