824

Камітэт ААН прыняў да разгляду скаргу журналісткі-фрылансера з Гомеля

21.11.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістка-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” з Гомеля Ларыса Шчыракова атрымала паведамленне з Камітэту ААН па правах чалавека аб тым, што яе скарга зарэгістравана і будзе разгледжана.

Шчыракова  паскардзілася ў гэтую ўплывовую міжнародную структуру з прычыны парушэння яе правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а таксама на справядлівую абарону ў судзе.

12 сакавіка 2015 года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок на падставе міліцэйскага пратаколу аштрафаваў Ларысу Шчыракову на  20 базавых велічыняў (3,6 мільёна тагачасных рублёў) за супрацоўніцтва без акрэдытацыі  з польскім тэлеканалам "Белсат", дзе быў паказаны зняты ёю на Цэнтральным рынку Гомеля рэпартаж аб праблемах прадпрымальнікаў.

“Штраф я абскарджвала ў вышэйшых судовых інстанцыях, — паведаміла  журналістка службе маніторынгу ГА “БАЖ”, — але безвынікова. А калі я вярнулася ў пракуратуру, то аказалася, што да таго часу скончыўся шасьцімесячны тэрмін, адведзены дзяржавай для абскарджавання адміністрацыйных пастановаў. Выглядае, што па так званых "белсатаўскіх справах" абароны ў краіне няма, таму і звярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека”.

Гомельскі юрыст і гэтаксама  сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы Ларысы Шчыраковай у Камітэце ААН, заяўляе, што  справа журналісткі-фрылансера выявіла яўныя супярэчнасці паміж беларускім нацыянальным Законам аб СМІ і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Нацыянальны закон празмерна абмяжоўвае права кожнага чалавека на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. І, хоць беларускія ўлады пакуль не рэагуюць на рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, няма сумневу, што ў недалёкай будучыні сітуацыя будзе выпраўленая.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!