355 0

“Калі не мы, то хто?” У Гродне паказалі гісторыю свабоды слова за 35 год

13.03.2018 Крыніца: Вольга Корсун для baj.by

“Падчас пераследу “Пагоні” Мікола Маркевіч казаў мне, што не можа такога быць, каб усе газеты пісалі як “СБ”. Але час паказаў — можа”, — сумна пасміхаючыся, кажа Анджэй Пачобут, вядомы гродзенскі журналіст і актывіст Саюза палякаў.

У Цэнтры гарадскога жыцця 12 сакавіка адкрылася выстава “Непадцэнзурная Гародня. 1983–2018”. Выстава распавядае гісторыю свабоднага слова, станаўлення і знішчэння незалежнага друку і змагання журналістаў за права на сваю прафесію на працягу 35 год.

Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Цэнтр гарадскога жыцця.

“Рэанімова”, “Пагоня”, “Біржа інфармацыі” і “Рэпарцёр”, Радыё НБК, акцыі салідарнасці і іншае — найноўшая гісторыя незалежнай гарадзенскай журналістыкі багатая на розныя цікавыя з’явы, падзеі, асобаў. Пра іх і паспрабавалі распавесці арганізатары выставы. Але тое, што ўвайшло на выставу, — гэта толькі частка вялізнага архіву. Напрыклад, гісторыя гродзенскага самвыдату патрабуе асобнай вялікай экспазіцыі.

На адкрыццё прыйшло шмат непасрэдных удзельнікаў падзей, пра якія распавядаецца на  выставе.

“Мы ў канцы 1990-х не думалі, што далей можа быць яшчэ горш. Усе спадзяваліся на лепшае, — кажа заснавальнік гродзенскай Школы маладога журналіста Вітаўт Руднік. —  Добра, што на гэтай выставе ёсць не толькі балючыя моманты, звязаныя з ліквідацыяй незалежнай прэсы і журналістыкі ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х, але ёсць шмат рэчаў, звязаных з пачаткам: першыя нумары, аптымізм у тварах тых людзей, якія рабілі гэтыя газеты. Я ганаруся тым, што амаль усіх гэтых людзей добра ведаю, што ніхто з іх не здрадзіў свайму сумленню, амаль усе засталіся ў шэрагах. І калі б “Пагоня”, “Біржа інфармацыі” існавалі да сённяшняга дня, то, ведаючы патэнцыял тых людзей, якія там працавалі, я ўпэўнены, сёння гэта былі б крутыя сайты, гэтыя медыйныя праекты былі б вельмі паспяховымі.

Памятаю, у войску, у Венгрыі, нейкім цудам асабіст прапусціў выданне “Рэанімова”, якое мне прыйшло з лістом ад Уладзя Хільмановіча. Падумаў тады — ну ўсё, у Беларусі дэмакратыя, трэба хутчэй вяртацца з войска. Я рады, што гэты перыяд быў у маім жыцці. І рады, што такая выстава адкрылася ў Гродне, гэта вялікі ўнёсак у захаванне найноўшай гісторыі Беларусі, гісторыі Гродзеншчыны, і спроба яе асэнсаваць”.

Тое, што адбывалася ў Гродне, часта было ўпершыню не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі. Напрыклад, газета “Пагоня” ўвайшла ў гісторыю Беларусі як СМІ, журналісты якога былі ўпершыню асуджаныя за паклёп на прэзідэнта. Ці, напрыклад, пасля чарговых зменаў у заканадаўстве аб друку ўлады абкаталі новы інструмент для знішчэння мясцовай прэсы на гродзенскай газеце “Рэпарцёр”.

“Я прыйшла ў лакальную гродзенскую журналістыку ў 1996 годзе. Гэты перыяд, калі здавалася, што ўсё магчыма і ўсё будзе, працягнуўся ў мяне не так доўга. У маім прафесійным жыцці хутка пачаліся рэпрэсіі: закрыццё газеты, адмаўленне ў рэгістрацыі газеты, крымінальныя справы і гэтак далей. Наша прафесійная тусоўка ўвесь час атрымлівала ўдары ад уладаў і ўвесь час на іх рэагавала. Мы заўсёды спадзяваліся, што гэты раз будзе дакладна апошнім, будзе нешта новае, гэта ненадоўга, але мінула столькі год, і мы пабачылі, што ўсё гэта надоўга. Чаму мы навучыліся — дык гэта салідарнасці. Журналісцкая салідарнасць у тыя часы была вельмі моцная. Мы хадзілі на суды, ладзілі акцыі. Гэта быў інструмент, які сапраўды працаваў. Людзі з камерамі і фотаапаратамі маглі абараніць журналіста ад арышту, маглі прагнаць міліцыю з памяшкання, у якое яна спрабавала незаконна трапіць, збіць напал падзей”, — узгадвае гарадзенская журналістка Ірына Чарняўка.

Гарадзенцы ў 2000-х сапраўды паказалі такі прыклад журналісцкай салідарнасці, які павінен вывучацца ва ўніверсітэтах.

“У тыя часы я не меў ніякага дачынення да журналістыкі, але журналістамі былі мае сябры і знаёмыя, — кажа журналіст і музыка Алесь Дзянісаў. — Была такая арганізацыя “Разам”, мы першыя, хто выйшаў да аблвыканкама ў абарону газеты “Пагоня”, пасля былі акцыі салідарнасці каля судоў. Самая цікавая акцыя была, калі мы зрабілі вялізную чорную труну і правялі шэсце па вуліцы Чапаева, цяпер Васілька. Гэтую труну прынеслі да абласнога суда, дзе была апеляцыя па справе “Пагоні”. Мы адчувалі сваю адказнасць за тое, што адбываецца. Бо калі не мы, то хто?”

Свабода — характэрная рыса гродзенцаў. Нават у самыя змрочныя часы ў гэтым горадзе заўсёды былі людзі, якія былі свабоднымі і змагаліся за права быць свабоднымі.

“Гэта, канешне, фантастыка. Раз — і табе зноў 20. На гэтую выставу трэба прыводзіць студэнтаў, моладзь, каб яны разумелі, што гэта цалкам натуральна — быць свабодным. Я ўзгадваю, як на суды над журналістамі прыходзілі не толькі калегі, а прыходзіла вялізная колькасць звычайных гродзенцаў, прыходзілі ветэраны з усімі сваімі медалямі на пінжаках. Свабода — гэта не тое, што нарадзілася ў 1990-х і раптоўна памёрла. Яно жыве ў чалавеку заўсёды”, — адзначыла рэдактарка зачыненай уладамі “Біржы інфармацыі” Алёна Раўбецкая.

Выстава паказвае прыклад таго, як журналісты не баяліся пачынаць новыя праекты на пустым месцы, як сваёй салідарнасцю ратавалі адзін аднаго. Сёння, як адзначаюць удзельнікі выставы, такой салідарнасці, на жаль, няма — яна сышла ў анлайн.

“Узгадваю моманты, калі мы працавалі ў падполлі, калі Паша Мажэйка і Мікола Маркевіч сядзелі. Тады ў любы момант маглі прыйсці і забраць нас, пасадзіць за нашу працу. Журналісцкая салідарнасць была тады, 15-18 гадоў таму, цяпер, у 2018 годзе, яе няма”, — кажа гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка.

“У той час мы былі поўныя ідэй, праектаў. Мы былі зусім без грошай, пад сумленнае слова заключалі рэкламныя дамовы і былі захопленыя тым, каб зрабіць якасны прадукт. Мы проста тады не ведалі, што гэта цяжка. Алёна (галоўная рэдактарка “Біржы інфармацыі” Алёна Раўбецкая – аўт.) сядзела і думала, дзе дастаць паперу, грошы на заробкі і гэтак далей. У той час было вельмі цікава працаваць”, — распавядае журналістка Юлія Урбановіч, якая працавала ў газеце “Біржа інфармацыі”.

Арганізатары выставы адзначаюць, што хацелі перадаць дух той эпохі, калі ў Гродне нараджаліся незалежныя СМІ, віравала свабода слова і рукамі журналістаў стваралася гісторыя. Але разам з тым выстава атрымалася сумнай, бо сёння ўсіх гэтых выданняў не існуе, а сітуацыя са свабодай слова толькі пагоршылася.

“Адчуваць сябе часткай гісторыі, канешне, дзіўна. Усе мы пастарэлі, а свабоды словы так і няма. Свабода слова гэта не толькі абавязак, але гэта і прыемнае адчуванне — казаць тое, што думаеш”, — адзначыў Анджэй Пачобут.

Выстава “Непадцэнзурная Гародня” стала фіналам серыі відэаінтэрв’ю з вядомымі гродзенскімі журналістамі, якія стаялі каля вытокаў свабода слова.

Арганізатары прысвяцілі яе 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якая фактычна заклала падмуркі сённяшняй незалежнай Беларусі і дэмакратычных каштоўнасцей, у тым ліку і свабоды слова. А таксама ў гонар тых хлопцаў ды дзяўчат з гродзенскага фiлфака, якiя 35 год таму яшчэ ўсавецкія часы рызыкнулi выдаваць непадцэнзурны часопiс "Мiстыка", з якога і пачалася гісторыя незалежнай гродзенскай журналістыкі.  

Фота аўтара

Каментары