НЕ - ВАЙНЕ!
178

«Калі мы будзем зноў разам, мы будзем толькі вельмі істотнымі рэчамі пераймацца. А дробязі ёсць дробязі»

29.10.2022 Крыніца: Наша Ніва

Палітвязень-нашанівец Андрэй Скурко ў перапісцы з жонкай Паўлінай дзеліцца назіраннямі, успамінамі і проста мудрымі думкамі. 

«…Шчасце — унутры нас, і толькі ад нас залежыць, быць шчаслівымі ці не. І процілегласць шчасцю — не няшчасце, а пошукі шчасця.

Калі чалавек разбярэцца ў сабе, зразумее, хто ён, для каго і для чаго, яму прасцей быць шчаслівым.

…У сувязі з Багдановічам: займаючыся спортам, прыдумаў назву для фітнес-цэнтра — «Краса і сіла». Можа, каму прыдасца, калі такога яшчэ няма.

…Уся гэта сітуацыя моцна мяняе погляды на жыццё, на сябе, на тых, хто побач. Калі мы будзем зноў разам, мы будзем толькі вельмі істотнымі рэчамі пераймацца. А дробязі ёсць дробязі.

Колькі вакол нас усяго цікавага, у чым хацелася б разабрацца як след. І гэта безадносна да якаснай характарыстыкі гэтых дзён.

Цёмныя непагодныя дні мінаюць, а вялізны цікавы свет — і мы ў ім — працягваем існаваць і радаваць нас.

…Думаў пра тое, што пахі здатныя моцна запамінацца і асацыявацца з нейкай падзеяй. Ты пішаш, як адчула пах свежага гароху і ўспомніла дзяцінства.

А ў мяне, напрыклад, адзін з самых запамінальных і дарагіх пахаў дзяцінства — пах і цяпло трактарнага рухавіка. Адразу ўспамінаецца дзядуля Іван, нашы з ім паездкі і размовы.

…Усе чорныя палосы ўрэшце сканчаюцца, і ў прынцыпе жыццё — бясконцы шэраг змен, казалі старажытныя індыйскія філосафы. Казаў ужо, можа:

вельмі вялікі працэнт рэчаіснасці фармуе наша ўспрыманне. Дык ведай, што я ўсё ўспрымаю спакойна і з аптымізмам, як, спадзяюся, і вы».

Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!