984

Каб не дапусціць правакатараў. Падчас прэс-канферэнцыі апазіцыя закрылася ў залі на ключ

27.01.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Намеснік старшыні аргкамітэта па стварэнню партыі БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што гэта было зроблена, каб не дапусціць на мерапрыемства правакатараў.

27 студзеня ў Мінску ў гатэлі Crown Plaza адбылася прэс-канферэнцыя лідараў апазіцыйных палітычных партый. Яны абвесцілі пра працэдуру абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары — 2020.  У мерапрыемстве ўдзельнічалі: Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»), Віталь Рымашэўскі (БХД), Мікалай Казлоў (АГП), Ігар Барысаў (БСДП), Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ).

Пасля сканчэння прэс-канферэнцыі стала вядома, што заля была замкнёная на ключ знутры. Пра гэта распавёў прадстаўнік кампаніі «Свежы вецер» Міхась Янчук. Яго ў залю не пусцілі. На ўваходзе стаяў лідар партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

Віталь Рымашэўскі патлумачыў, што гэта было зроблена з мэтаю пазбегнуць перашкодаў і правакацый.

«Мы сапраўды запрашалі толькі журналістаў. Гэта была проста прэсавая канферэнцыя. Гэтая тэма важная для Беларусі, важная як палітычная падзея, маглі быць правакацыі. Таму і зрабілі ўваход толькі для журналістаў», — патлумачыў палітык.

Разам з тым у пятніцу, 24 студзеня, на пошту Беларускай асацыяцыі журналістаў прыйшоў ліст ад прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай. Абвестка пра прэс-канферэнцыю была апублікаваная, у ёй нічога не гаварылася пра абмежаваны доступ на мерапрыемства.

Журналіст Уладзімер Глод сказаў, што ён прыйшоў на прэс-канферэнцыю на хвіліну пазней за яе пачатак і без праблем патрапіў у залю. Ён сядзеў недалёка ад дзвярэй і бачыў, што дзверы сапраўды закрылі на ключ. Але пусцілі ўсіх, хто спазніўся, без праблем.

Пазней Віталь Рымашэўскі перазваніў сам і патлумачыў яшчэ раз, што ў залю пускалі ўсіх, апроч правакатараў.

Паводле яго слоў, не пусцілі Андрэя Ягорава і Міхася Янчука. Рымашэўскі заявіў, што гэтыя людзі загадзя дэкларавалі, што хочуць сарваць прэс-канферэнцыю.

Разам з тым іншы прадстаўнік кампаніі «Свежы вецер» — Міхаіл Мацкевіч — знаходзіўся ў залі. Ён спрабаваў задаць пытанне палітыкам, але яму сказалі, што ён не прадстаўляе СМІ і таму не дазволілі.

"Вельмі дзіўна чуць ад Віталя Рымашэўскага, што мы з Андрэем Ягоравым быццам бы дэкларавалі яму загадзя, што хацелі ажно сарваць прэс-канферэнцыю. Калі ён пачаў напіраць на нас грудзьмі, мы сказалі, што хочам адно толькі выказаць сваю пазіцыю адносна ўдзелу ў фэйкавых выбарах. І ўсё. Нічога зрываць мы не мелі намеру. Няўжо беларуская апазіцыя настолькі баіцца свежага ветру ў беларускай палітыцы?", — задае пытанне Міхась Янчук.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!