1448

«Intex-press» не ўключылі ў падпісны каталог

24.06.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

РУП «Белпошта» адмовілася ўключаць у падпісны каталог на II паўгоддзе 2016 года баранавіцкае незалежнае выданне «Intex-press».

«Белпошта» не супрацоўнічае з «Intex-press» з 2008 года. Аднак у гэтым годзе, здавалася, сітуацыя зрушыла з мёртвай кропкі.

1 чэрвеня рэдакцыя накіравала ліст ў Брэсцкі філіял РУП «Белпошта». Праз пэўны час у рэдакцыю патэлефанавалі яго спецыялісты і ўдакладнілі, у які аддзел каталога выданне хацела б патрапіць - рэспубліканскіх ці раённых выданняў. Сказалі таксама чакаць, калі выданне атрымае індэкс.

А пазней у рэдакцыю прыйшоў ліст з галаўнога офіса «Белпошты» ў Мінску, куды рэдакцыя нават не звярталася.

У лісце за подпісам намесніка генеральнага дырэктара Генадзя Дзям'яненкі рэдакцыю ўжо знаёмым тэкстам апавясцілі, што “абавязак па ўключэнні ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталога з мэтай далейшага іх распаўсюду праз падпіску з'яўляецца правам РУП “Белпошта” і што “патрабаванні па заключэнні дамовы і ўключэнні выдання ў каталог не заснаваныя на нормах заканадаўства”.

«На гэты раз нам ясна прадэманстравалі, на якім узроўні вырашаецца наша пытанне», - сказала службе маніторынгу ГА «БАЖ» Наталля Нарожная, юрыст ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс».