НЕ - ВАЙНЕ!
123

Instagram забаніў прапагандыстку Ксенію Лебедзеву. Раней тое ж зрабіў Telegram

01.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу БАЖ

Пра недаступнасць старонкі у Instagram стала вядома адразу пасля “жывога рэпартажа” вядоўцы "Беларусь 1" з Курапатаў, дзе яна чаплялася з пытаннямі да акрэдытаваных дыпламатаў.

31 кастрычніка напярэдадні Дзядоў – Дня шанавання памерлых – прадстаўнікі амбасадаў краін Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і Швейцарыі наведалі ўрочышча Курапаты і ўсклалі кветкі ў памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Ужо стала завядзёнкай, што пад мемарыялам у чаканні скандалаў традыцыйна чакаюць супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, якія намагаюцца справакаваць дыпламатаў. 

Гэтым разам “саліравала” вядоўца тэлеканала "Беларусь 1" Ксенія Лебедзева.

“Палітычная акцыя на крыві. Еўрадыпламаты апаганілі сваёй прысутнасцю і дэманстратыўнай палітычнай акцыяй урочышча Курапаты, паказалі свае крывадушнасць і неразуменне таго, куды іх прыходзяць”, – “разабралася” Лебедзева ў міжнароднай сітуацыі.

Неўзабаве пасля выхаду сюжэта ў сеціве з’явіліся абураныя допісы калег Лебедзевай, якія расказалі пра “надуманае блакаванне” яе старонкі ў Instagram. Афіцыйных тлумачэнняў адміністратараў сацсеткі з нагоды такога кроку пакуль няма.

Аднак трэба згадаць, што раней аналагічнае пакаранне для шэрагу прапагандыстаў агучыў Telegram. Так, 23 верасня пад бан патрапілі каналы Ксеніі Лебедзевай, Рыгора Азаронка, Канстанціна Прыдыбайлы ды некаторыя іншыя.

Тады Ксенія Лебедзева заявіла, што не пакрыўдзілася на “пераслед”: маўляў, “адданыя гледачы” заўсёды могуць знайсці яе “ў тэлевізары”. 

"Навошта з кімсьці гаварыць, нешта пісаць, калі можна проста націснуць на кнопку пульта. Зусім нядаўна тое ж адбылося і з легендарнымі "Жоўтымі слівамі" (персанальнае бачанне журналісткі – БАЖ). Але нічога! Канал толькі расце заходняй прапагандзе на зло", – адрэагавала яна.

Тым разам Міністэрства інфармацыі Беларусі нават выступіла з адмысловай заявай, у якой блакаванне прапангандыстаў і “каналаў патрыятычнай накіраванасці” ў Telegram назвала "прыкладам удушэння свабоды слова і плюралізму меркаванняў у інтэрнэце".

Да драматычных падзей 2020 года, якія далі старт беспрэцэдэнтным для навейшага часу палітычным рэпрэсіям у Беларусі, мала хто здагадваўся пра існаванне маладых і амбітных тэлевядоўцаў кшталту Лебедзевай, Азаронка, Гладкай ці Тура. Аднак на хвалі агрэсіўнай журналістыкі, якую кіраўніцтва БТ чамусьці называе “аўтарскай”, іх творчасць аказалася надзвычай запатрабаванай. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!