3531

Інфармагенцтва “Ваяр” не збіраецца выбачацца перад праваабаронцам (копія адказу)

11.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паводле gomelspring.org

Начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч адмаўляецца аспрэчваць звесткі, распаўсюджаныя “Белорусской военной газетой” пра гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку.

 

Сам жа праваабаронца лічыць, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Напрыканцы сакавіка Леанід Судаленка звярнуўся да кіраўніцтва “Белорусской военной газеты” (адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва "Ваяр") з патрабаваннем абвергнуць інфармацыю, распаўсюджаную пра яго 10 сакавіка ў артыкуле “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” (выпуск №42).

Публікацыя тычылася інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

Гэта і выклікала суровую водпаведзь вайсковай газеты на адрас гомельскага праваабаронцы. Аўтар артыкула Уладзімір Кажэўнікаў так характэрызаваў асобу ініцыятара звароту да міністра абароны: “…в Гомеле объявился некий правозащитник Леонид Судаленко, этакий самопровозглашенный «омбудсмен», личность в определенных кругах известная. То его упрекают в отправке налоговым инспекторам посланий непристойного содержания, то он конфликтует с таможенниками при досмотре на границе. Этому господину не впервой давить на государственные органы аж через Организацию Объединенных Наций, через ее Комитет по правам человека”.          

Аўтар сцвярджае таксама, што Судаленка “уже подготовил, пороча свою страну, три десятка “высочайших” жалоб, на которые Ооновские чиновники, покачивая головами, констатируют: “М-да, тут нарушением прав человека попахивает”. Теперь, когда они будут готовить всемирный доклад, вставят в него и доносы гомельского квазиомбудсмена”.

Зварот да міністра абароны Уладзімір Кажэўнікаў назваў “демагогическими перлам”, якіх у Судаленкі “целый арсенал”.

У артыкуле гаворыцца, што праваабаронца займаецца “антиармейской агитацией” і “доносами”, у той час як армія абараняе Радзіму  — “в отличие от судаленок, которые прославили себя только на ниве разрушения общества”.

У афіцыйным адказе на зварот Леаніда Судаленкі кіраўнік агенцтва “Ваяр” Аляксей Пашкевіч сцвярджае, што аўтар артыкула выказваў асабістае меркаванне, і што ўсе звесткі пра героя публікацыі браліся з “крыніц, што знаходзяцца ў адкрытым доступе”. Сярод іх фігіруе і сайт “Гомельбест”, на якім ананімы пастаянна публікуюць “выкрывальныя” звесткі пра Леаніда Судаленку.

Паводле праваабаронцы, ён збіраецца скарыстацца сваім правам звароту ў суд.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!