351

Інфармацыйныя ролікі на ТВ уводзяць выбаршчыкаў у зман, — правааабаронцы

03.08.2020 Крыніца: Радыё Свабода

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі пра парушэньні ў інфармацыйных роліках аб маючых адбыцца 9 жніўня выбарах прэзыдэнта.

Там разам з тлумачэньнямі аб магчымасьці ўзяць удзел у датэрміновым галасаваньні паведамляецца, што заканадаўствам не прадугледжваецца фатаграфаваньне выбарнікамі бюлетэняў і перадача здымкаў трэцім асобам.

Такога кшталту інфармацыя на практыцы можа прывесьці да няправільнага разуменьня правоў і абавязкаў выбарнікаў з боку арганізатараў выбараў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў, прывесьці да непрадугледжаных абмежаванняў правоў грамадзянаў.

Экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць: нормы выбарчага заканадаўства не забараняюць фатаграфаваць атрыманы выбарчы бюлетэнь, як і іншых дзеяньняў — пашкоджаньня, зьнішчэньня ці вынасу з участку.

Таксама выбарчае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх забаронаў на добраахвотную перадачу выбарнікам фотаздымкаў бюлетэня (ў тым ліку з адзнакай за канкрэтнага кандыдата) трэцім асобам. Такія захады не цягнуць за сабой адказнасьці за парушэньне выбарчага заканадаўства (арт. 49 ВК, арт. 191, 192 КК, арт. 9.10 КоАП).

Магчымыя патрабаваньні аб спыненьні такіх дзеяньняў выбарнікаў з боку сябраў выбарчых камісій, супрацоўнікаў міліцыі ды іншых асобаў будуць мець незаконны характар.

Таксама праваабаронцы нагадваюць, што ўдзел у датэрміновым галасаваньні зьяўляецца правам, а не абавязкам. Прымус да датэрміновага галасаваньня, як і ў выбарах у цэлым, зьяўляецца парушэньнем закону і цягне за сабою адпаведную адказнасьць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!