НЕ - ВАЙНЕ!
2445

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 5-25.10.2015 г.

25.10.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

І падчас датэрміновага галасавання, і непасрэдна ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка беларускія і замежныя журналісты сутыкаліся з перашкодамі ў доступе да інфармацыі. Служба маніторынгу ГА “БАЖ” фіксавала выпадкі адмоваў у інфармацыі пра ход галасавання, выдалення з выбарчых участкаў, а таксама перашкодаў журналістам у вядзенні фота-і відэаздымкаў.

3 кастрычніка прыкладна а 12-й гадзіне пачаліся масіраваныя DDoS-атакі на сайты недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН. У выніку сайты naviny.by і belapan.by заставаліся недаступныя для карыстальнікаў, з 5 кастрычніка працавалі з перабоямі.

5 кастрычніка інфармацыйная кампанія БелаПАН выступіла з заявай з нагоды DDoS-атак. “DDоS-атака распачалася пасля публікацыі ў інтэрнэт-газеце Naviny.by артыкулаў пра рэлігійна-палітычную акцыю “Малітва за Беларусь”. У іх крытыкаваліся метады яе арганізацыі, падаваліся меркаванні студэнтаў, якія «па разнарадцы» прыйшлі на мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы. Мяркуем, што гэта аб’ектыўнае, не ва ўгоду ўладам, асвятленне і выклікала незадаволенасць ідэалагічных работнікаў, якія аддалі каманду зрабіць на нашы рэсурсы DDоS-атаку”, - гаворыцца ў заяве.

5 кастрычніка ГА “БАЖ” таксама распаўсюдзіла заяву з нагоды атакі на сайты БелаПАН. “Папярэдні досвед дазваляе разглядаць гэта як спробу пакараць Belapan.com i Naviny.by за выкананне прафесійных абавязкаў. Варта адзначыць, што грубае ўмяшальніцтва ў працу незалежных медыя адбываецца ў часе электаральнай кампаніі, калі патрэба людзей у рознабаковай непадцэнзурнай інфармацыі як ніколі высокая. Мы лічым гэта чарговай праявай сістэмнай палітыкі кантролю над інфармацыяй у нашай краіне з мэтай маніпуляваць грамадскай свядомасцю”, - падкрэслівае ГА “БАЖ”.

Журналісцкая арганізацыя заклікала спыніць любыя атакі на незалежныя медыя, каб забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзян атрымліваць інфармацыю з розных крыніц.

6 кастрычніка ў Брэсце журналістам Алесю Ляўчуку і Мілане Харытонавай заміналі выконваць прафесійныя абавязкі на выбарчым участку Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (БрДТУ). Па словах Ляўчука, яны рабілі інтэрв’ю са студэнтамі, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак прагаласаваць датэрмінова. Cтудэнты расказалі, што іх прымушаюць браць удзел у датэрміновым галасаванні, а прадстаўнік універсітэта кантралюе яўку на выбарчым участку.

Журналісты высветлілі, што гэтым прадстаўніком з’яўляецца намесніца дэкана па выхаваўчай працы БрДТУ Святлана Куган, акрэдытаваная на ўчастку для галасавання ў якасці назіральніка ад ГА “Белая Русь”. Паводле А. Ляўчука і М. Харытонавай, яна перашкаджала ім рабіць запіс інтэрв’ю са студэнтамі, і тыя вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх словаў. Cама Святлана Куган не пажадала назваць журналістам сваё прозвішча і пасаду, назваўшыся “жанчынай з вуліцы”. Акрамя таго, яна паабяцала падаць на іх у суд за паклёп.

8 кастрычніка журналіст газеты “Intex-press” (Баранавічы) Макар Маліноўскі звярнуўся да старшыні Баранавіцкай гарадской камісіі Тамары Шукала па інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, што датэрмінова прагаласавалі. Т. Шукала заявіла журналісту, што  такіх звестак у яе няма. Пазней высветлілася, што гэта няпраўда: у Брэсцкай абласной камісіі журналісту далі гэтыя звесткі і сказалі, што ўсе дадзеныя яны атрымліваюць ад гарадской тэрытарыяльнай камісіі.

Юрысты выдання накіравалі скаргу у ЦВК.

9 кастрычніка журналіст газеты “Новы Час” Арцём Лява рабіў фотаздымкі на выбарчым участку №29 Ленінскага раёна Мінска. Алена Пазенка, дырэктарка школы №134, у якой размешчаны ўчастак, заявіла, што журналіст перашкаджае выбарчаму працэсу. Пасля гэтага сябры выбарчай камісіі склалі на яго акт і выдалілі з выбарчага ўчастка. Арцём Лява напісаў скаргу ў ЦВК. Скаргу  перанакіравалі ў раённую выбарчую камісію, якая прызнала дзеянні сябраў участковай выбарчай камісіі законнымі.

Нагадаем, у адпаведнасці з арт. 13 Выбарчага кодэкса прадстаўнікі СМІ маюць права прысутнічаць на пасяджэннях камісій і ў памяшканнях для галасавання. Журналіст мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў і г.д. на падставе арт. 34 Закона “Аб СМІ”.

9 кастрычніка журналістка сайта газеты “Бобруйский курьер” Александрына Глаголева рыхтавала матэрыял з выбарчага ўчастка  № 20 Ленінскай выбарчай акругі г. Бабруйска. Старшыня ўчастковай камісіі спачатку адмаўляў ёй у праве знаходзіцца на ўчастку ў якасці прадстаўніка СМІ, потым усё ж зарэгістраваў, але жорстка «рэгламентаваў» час знаходжання на ўчастку: робіце здымак і сыходзіце. Журналістка вымушаная была пакінуць участак. Александрына Глаголева паведаміла пра гэты інцыдэнт у рэдакцыю «БК» і падала заяву ў пракуратуру.

11 кастрычніка журналіста газеты “Новы Час” Арцёма Ляву не ўпусцілі ў памяшканне выбарчага ўчастка №33 Ленінскага раёна Мінска (старшыня камісіі - Дзмітрый Агулік). Журналісту не дазволілі ўвайсці, спаслаўшыся на складзены на яго пратакол за “парушэнне правілаў паводзінаў на дадзеным участку" днём раней.

"У выніку чаго ўзніклі пытанні пра некамфортнае правядзенне выбараў (спыняе выбаршчыкаў, задае пытанні), - гаварылася ў пратаколе. - Адмовіўся ад просьбы заняць пэўнае месца на ўчастку, каб не перашкаджаць выбаршчыкам”.

Увесь папярэдні дзень журналіст правёў на гэтым выбарчым участку без нараканняў на свой адрас. Журналіст мяркуе, што да камісіі ўчастка №33 дайшла інфармацыя пра яго скаргу на камісію на ўчастку №29, і таму яго вырашылі не ўпускаць. Арцём Лява накіраваў скаргу ў пракуратуру.

9 кастрычніка ўвечары на ўкраінска-беларускай мяжы затрымалі дзве здымачныя групы ўкраінскага тэлеканала “1+1”. Пра гэта ў сваім твітары паведаміла журналістка тэлеканала ТСН Вольга Мальчэўская. Паводле яе слоў, затрыманых журналістаў некалькі гадзін дапытвалі прадстаўнікі КДБ, а потым быў праведзены пільны мытны кантроль. Пасля дагляду журналістам дазволілі ўехаць на тэрыторыю Беларусі. У журналістаў нічога не забіралі.

11 кастрычніка журналістка польскага  інтэрнэт-выдання Eastbook.eu спрабавала зняць на відэа працэс падліку галасоў на ўчастку №6 Першамайскага раёна Мінска (пр. Незалежнасці, 85). Сябры камісіі адгарадзіліся крэсламі, за якія, па іх меркаванні, назіральнікі не павінныя заходзіць. На патрабаванне забяспечыць магчымасць бачыць працэс старшыня камісіі Наталля Куноўская заявіла, што гэта яе ўчастак, і яна дыктуе тут правілы.

Калі журналістка паспрабавала зняць працэс падліку, адна з сябраў камісіі заявіла, што не хоча трапляць на відэа. Старшыня камісіі заявіла, што журналістка "парушае правы чаавека", і вымусіла яе адысці ад стала.

12 кастрычніка - у ноч пасля выбараў - ад 1.20 да 1.35 былі недаступныя сайты nn.by, charter97.org, belaruspartisan.org, naviny.by, euroradio.fm. У 1.35 доступ да іх аднавіўся, - паведаміла "Наша Ніва". «Гэта дзіўны збой: сайты ляжаць на розных серверах і належаць да розных даменных зон», - заўважае рэдакцыя газеты.

15 кастрычніка гродзенскі журналіст Віктар Парфёненка паведаміў, што накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Да гэтага Міністэрства замежных спраў Беларусі сем раз адмаўляла журналісту ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча). Журналіст звяртаўся ў суды розных інстанцый, каб адстаяць права на прафесійную дзейнасць, але ўвесь час безвынікова.

“Я хачу прымусіць МЗС паважаць міжнародныя прававыя акты, ратыфікаваныя Беларуссю”, –  кажа В Парфёненка.

Нагадаем, што год таму журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў КПЧ ААН. Камітэт прызнаў, што правы журналісткі былі парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.

16 кастрычніка стала вядома, што упраўленне ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёна Гродна не знайшло складу крымінальнага злачынства ў інтэрнэт-артыкуле пра сябра ГА “БАЖ” Андрэя Мялешку. На пачатку жніўня 2015 г. Мялешка звярнуўся ў міліцыю з заявай, у якой прыцягнуць да адказнасці за паклёп аўтараў артыкулу на адным з расійскіх сайтаў. Публікацыя тычылася журналіста, яго калегаў і сям’і.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС высветлілі, дзе хосціцца старонка і хто займаецца адміністраваннем групы Вконтакте, “прывязанай” да гэтага сайта. 

Па словах А. Мялешкі, адрас адміністратараў групы Вконтакте знаходзіцца у 500 метрах ад адзела міліцыі, які займаўся гэтай справай. Тым не менш, міліцыя не збіраецца прыцягваць гэтых людзей да адказнасці. Журналіст будзе далей дамагацца пакарання паклёпнікаў. Наступным крокам ён бачыць падачу заявы ў пракуратуру.

23 кастрычніка недзяржаўная газета “Наша Ніва” атрымала адмову Цэнтрвыбаркама на пісьмовы запыт аб прадастаўленні інфармацыі. Рэдакцыя звярталася ў ЦВК з просьбай азнаёміцца з вынікамі ўсіх пратаколаў сталічных участковых камісій выбарчай кампаніі прэзідэнта. У адказе за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай паведамляецца, што ЦВК не мае пратаколаў участкаў. Маўляў, гэтыя дакументы засталіся ў Мінскай гарадской камісіі. Аднак камісія спыніла працу, ніводзін тэлефонны нумар больш не адказвае.

Перад гэтым назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах паведамлялі пра факты перапісвання пратаколаў на многіх участках. Згодна назіральнікаў, дадзеныя, якія вывешваліся пасля заканчэння падлікаў, не супадалі з тымі, што агалошвалі ў раённай тэрытарыяльнай камісіі. Журналісты газеты хацелі праверыць гэтую інфармацыю.

23 кастрычніка стала вядома, што дзяржаўная экспертыза не знайшла прыкмет экстрэмізму ў кнізе палітыка Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ». Пра гэта Ашмянская мытня паведаміла Лябедзьку афіцыйным лістом і паабяцала вярнуць адабраныя кнігі.

Нагадаем, 9 мая 2015 г. на памежным пераходзе «Каменны Лог» у А. Лябедзькі мытнікі забралі больш за 30 асобнікаў ягонай кнігі. Паводле акта аб вынятку для праверкі «ці не ўтрымлівае кніга экстрэмізму і ці не падрывае яна асновы канстытуцыйнага ладу».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!