786

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 23.03-06.04.2015 г.

06.04.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч адрэагавала на хвалю штрафаў за “незаконны выраб і распаўсюд прадукуцыі СМІ”, а фактычна – за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. “Улады павінныя спыніць прымяненне абмежавальных захадаў у дачыненні да фрыланс-журналістаў і перастаць перашкаджаць ім спакойна і свабодна выконваць сваю працу”, – заявіла Міятавіч 3-га красавіка. – Канструктыўнае рашэнне гэтага пытання павінна быць дасягнута. Мой Офіс выказвае гатовасць дапамагчы ўладам любымі спосабамі, каб змяніць гэтую разбуральную тэндэнцыю і каб зрабіць магчымым дыялог і супольную дзейнасць урадавых установаў і медыяарганізацый па гэтым пытанні”.

23 сакавіка прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала паведамленне ад Мінінфармацыі пра тое, што ПВУП “Логвінаў” ад 16.03.2015 зарэгістраванае ў Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў.

Нагадаем, што менавіта адсутнасць такой рэгістрацыі і стала падставай для пакарання амаль у мільярд беларускіх рублёў, якое Эканамічны суд Мінска (суддзя Сяргей Кулакоўскі) пастанавіў спагнаць з прыватнага выдавецкага прадпрыемства 9 студзеня 2015 г. Да гэтага ў мінулым годзе выдавецтва 8 разоў звярталася ў Мінінфармацыі з дакументамі на рэгістрацыю ў рэестры, але ўвесь час атрымлівала адмовы.

24 сакавіка ГА “БАЖ” атрымала ад Міністэрства інфармацыі адказ на свой запыт пра вынікі працы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет экстрэмізму. Намеснік міністра Уладзімір Матусевіч піша, што “сярод матэрыялаў, у якіх выяўлены прыкметы праявы экстрэмізму, – кнігі А. Гітлера, Д. Рокуэла, А. аль-Бадра, дапаможнікі па ваеннай справе і іншыя”.

Нагодай для звароту ГА “БАЖ” стаў выступ Ліліі Ананіч 5 лютага на калегіі Мінінфарма. Паводле міністра, на той момант рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармпрадукцыі на экстрэмізм разгледзела больш за 100 матэрыялаў і знайшла ў 25-і з іх “прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі “экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці” ці “літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах”.

25 сакавіка міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч паведаміла, што падрыхтаваныя змены ў прэзідэнцкі ўказ №60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт". Паводле міністра, плануецца закрыць існуючыя лазейкі для ўладальнікаў сайтаў у плане іх адказнасці за "каментатараў" на сваіх рэсурсах.

Нагадаем: паводле п.12 указа №60 ад 1.02.2010 г., адказнасць за змест размешчанай у інтэрнэце інфармацыі павінныя несці асобы, якія яе размясцілі. Між тым, у адпаведнасці з унесенымі ў закон «Аб СМІ» зменамі (снежань 2014 г). за змест пакінутых карыстальнікамі каментароў цяпер нясе адказнасць уладальнік інтэрнэт-рэсурса.

25 сакавіка стала вядома, што Міністэрства замежных спраў адмовілі ў акрэдытацыі ў якасці журналіста “Беларускага Радыё Рацыя” гродзенскаму сябру ГА “БАЖ” Андрэю Мялешку. Запыт на акрэдытацыю ў якасці журналіста замежнага СМІ журналіст накіраваў у лістападзе 2014 г., афіцыйны адказ ён атрымаў толькі зараз. У адмове начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Д. Мірончык спасылаецца на пункты 10 і 15.4 Палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ. Гэта значыць, што, на думку МЗС, журналіст накіраваў не ўсе патрэбныя дакументы і раней працаваў на замежны СМІ без акрэдытацыі.

26 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да сябра ГА “БАЖ” Алеся Ляўчука. Яго вынікі сталі вядомыя толькі 27 сакавіка – журналісту паведамілі па тэлефоне, што яго аштрафавалі на 21 базавую велічыню (3 млн 780 тыс. рублёў). Журналіста прызналі вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” (арт. 22.9 КаАП).

Нагадаем, падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў матэрыял на сайце тэлеканала “Белсат” за подпісам “АЛ”. 18 сакавіка капітан міліцыі Маскоўскага РАУС Брэста Раман Трафімук склаў на журналіста пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ.

26 сакавіка намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка адмовіўся сустракацца ў свой прыёмны час са старшынёй ГА “БАЖ” Жаннай Літвіной і яе намеснікам Андрэем Бастунцом. Кіраўніцтва журналісцкага грамадскага аб’яднання хацела пагутарыць з міліцэйскім чыноўнікам адносна яго забароны фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў. У МУС паведамілі, што “ведамства ўжо дало афіцыйны адказ на зварот арганізацыі і болей дадзенае пытанне абмяркоўваць не бачыць патрэбы”.

28 сакавіка са спісу абмежаванага доступу для дзяржаўных структураў, установаў адукацыі і культуры выдалілі сайты, унесеныя да 1 студзеня 2015 г. А іх блакіроўка мае быць спыненая цягам сутак, - паведаміў партал electroname.com са спасылкай на «крыніцы ў тэлекамунікацыйнай галіне Беларусі». «Пад амністыю» трапілі сайты «Хартыі'97» belaruspartisan.org, праваабарончага цэнтра "Вясна", prokopovi.ch, europeanbelarus.org, блог Яўгена Ліпковіча і шэраг іншых сайтаў, якія знаходзіліся ў спісе абмежаванага доступу паводле рашэння Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Паводле tut.by, па-ранейшаму блакуе гэтыя сайты толькі правайдар Life:).

Нагадаем, паведамленні пра блакаванне сайтаў з палітычнымі навінамі "Хартыя'97", "Беларускі партызан" і "Вясна" з'явіліся ўвечары 26 сакавіка. Аб прычыне блакавання афіцыйныя крыніцы не паведамлялі.

У прэс-службе Life:) паведамілі, што блакаваць "Хартыю'97" і "Беларускі партызан" для ўсіх карыстальнікаў аператар пачаў таму, што на сайце прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю "БелДІЭ" абнавілася інфармацыя пра абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. Пры гэтым першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі заявіў, што ніякіх мераў па абмежаванні доступу да названых рэсурсаў міністэрства не ўжывае.

30 сакавіка ў Барысаўскім райсудзе адбылося чарговае пасяджэнне па пазове ўчастковай медсястры да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю.

Зыскоўца пацвердзіла сваю пазіцыю, пашырыла патрабаванні і заявіла дадатковыя хадайніцтвы – далучыць да матэрыялаў справы публікацыі ў прэсе пра аналагічныя выпадкі, а таксама сваю характарыстыку з месца працы. Заключыць міравое пагадненне яна адмовілася. Адказчык (прадстаўнік газеты “БН”) пацвердзіў, што не прызнае ранейшых патрабаванняў, і хадайнічаў пра адхіленне дадатковых. Працяг разгляду справы прызначаны на 10.00 16 красавіка.

Нагадаем: з пазовам да газеты “Борисовские новости” аб абароне дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды ў суд звярнулася ўчастковая медсястра гарадской паліклінікі. Падставай стаў артыкул “Кто виноват в смерти пациента 2-ой поликлиники?”, надрукаваны 24 снежня 2014 г.

30 сакавіка незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў накіраваў наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда Беларусі. Журналіст абскарджвае пастановы судоў, якія прызналі яго парушальнікам арт. 22.9 ч. 2 КаАП: пастанову суддзі Магілёўскага гарсуда А. Волкавай ад 8 кастрычніка, пастанову суддзі Магілёўскага аблсуда М. Мельнікава ад 20 лістапада, а таксама ліст старшыні Магілёўскага аблсуда І. Прошкі ад 10 сакавіка.

Нагадаем, 8 кастрычніка 2014 г. суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Алена Волкава аштрафавала А. Буракова на 40 базавых велічынь, прызнаўшы яго вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ. Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова. Суддзі вышэйшых інстанцый Мельнікаў і Прошка пакінулі пакаранне ў сіле.

Тым часам  Ленінскі РАУС Магілёва вярнуў А. Буракову камп’ютар забраны пасля ператрусу на экспертызу. Журналіст кажа, што тэхніка у няспраўным стане. Нагадаем, 16 верасня ў кватэры Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва міліцыянты правялі ператрус. Падставай для яго правядзення стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце DW.DE ("Нямецкая хваля") трох матэрыялаў за подпісам Аляксандра Буракова. У выніку ператрусу забралі 2 ноўтбукі і 2 флэшкі.

1 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста аштрафаваў журналістку Іну Хоміч на 30 базавых велічынь за супрацу з "Беларускім Радыё Рацыя" без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі. Суддзя Раіса Лабачэўская прызнала журналістку вінаватай у парушэнні арт. 22. 9 ч. 2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). “Я апелявала да таго, што Канстытуцыя без абмежаванняў дазваляе грамадзянам Беларусі збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Але закон пра СМІ ў нас, аказваецца, больш шануецца, чым Канстытуцыя”, - кажа Іна Хоміч.

2 красавіка суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў пастанавіў аштрафаваць на 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў) фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП), а фактычна за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Падставай для завядзення справы стала нататка пад назвай “За забітае дзіцё пакаралі педагогаў ды медыкаў”, змешчаная 6 лютага на сайце тэлеканала “Белсат” за подпісам Алеся Яшчанкі. Як вынікае з адміністрацыйнай справы, сюжэт на  тэлеканале “Белсат” адсачыла рэгіянальнае УУС, якое вядзе маніторынг публікацый. Чыгуначнаму РАУС г. Гомеля было даручана правесці разбіральніцтва. Капітан міліцыі Віктар Сцепаненка ездзіў у СШ №12, апытаў супрацоўнікаў навучальнай установы, якія фігуравалі ў відэасюжэце, паказваў фотаздымак Жукоўскага і пытаўся, ці ён вёў здымкі.

Перад пачаткам разбіральніцтва суддзя адхіліў хадайніцтва Жукоўскага пра тое, каб яго інтарэсы як сябра ГА “БАЖ” прадстаўляў юрыст, таксама сябра арганізацыі, Леанід Судаленка. Таксама ён адмовіўся весці разгляд справы на беларускай мове і адмовіў Жукоўскаму ў праве запрасіць перакладчыка.

4 красавіка стала вядома, што Брэсцкі абласны суд адправіў справу супраць Тамары Шчапёткінай на новы разгляд. Суддзя Наталля Сурма прызнала, што першы раз незалежную журналістку судзілі з парушэннямі заканадаўства. У прыватнасці, судовую позву на працэс Шчапёткіна не атрымала, а замест гэтага было даслана смс-паведамленне пра неабходнасць з’явіцца ў суд. Прыехаўшы ў Брэст, на разгляд справы яна так і не трапіла, бо суддзя Аляксандр Семянчук вырашыў правесці працэс без самой “парушальніцы” і яе адваката. Больш за тое, журналістка не здолела адразу даведацца пра рашэнне, якое было прынятае суддзёй.

Нагадаем, што 6 сакавіка Ленінскі райсуд Брэста без прысутнасці самой журналісткі пакараў Т. Шчапёткіну штрафам у 40 базавых велічынь (7,2 млн рублёў) за нібыта працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.