1080

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 20-26.04.2015 г.

26.04.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У ГА “БАЖ” змянілася кіраўніцтва. 24 красавіка ў Мінску адбыўся з’езд арганізацыі. Па выніках галасавання новым старшынём арганізацыі быў абраны юрыст, экс-намеснік старшыні Андрэй Бастунец. Жанна Літвіна, якая кіравала арганізацыяй на працягу амаль 20-і гадоў, заявіла, што не будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на галасаванне.

20 красавіка на ўкраінска-беларускай мяжы супрацоўнікі мытнай службы забралі ў беларускіх журналістаў, якія вярталіся з Кіева, зборнікі тэкстаў і карыкатур "Стоп цэнзуры! Грамадзяне за вольную краіну". Вынятыя друкаваныя матэрыялы мытнікі  намераны праверыць на наяўнасць экстрэмізму. Журналістаў і прадстаўнікоў НДА знялі з цягніка ў пункце пропуску "Паддабранка" (Гомельскі раён) і пратрымалі прыкладна тры гадзіны.

22 красавіка суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў гродзенскіх журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП за тое, што яны зрабілі для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Суддзя Алена Пятрова пастанавіла спагнаць з іх па 20 базавых велічынь.

Па стане на 25 красавіка ўжо 12 беларускіх журналістаў былі аштрафаваныя паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) цягам 2015 года. Агульная сума прысуджаных ім штрафаў склала больш за 60 млн рублёў.

22 красавіка стала вядома пра чарговую адміністрацыйную справу ў дачыненні да брэсцкай журналісткі Аліны Літвінчук па арт. 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пра гэта паведаміў участковы міліцыянт Андрэй Іваніцкі, які наведаўся да яе дахаты. Міліцыянт спрабаваў пакінуць журналістцы позву ў суд на 29 красавіка. Але Аліна Літвінчук адмовілася распісвацца за атрыманне гэтай позвы да правядзення афіцыйнага апытання і азнаямлення з матэрыяламі справы. Тады супрацоўнік міліцыі выпісаў іншую позву – у апорны пункт аховы грамадскага парадку №5 горада Брэста для апытання ў якасці абвінавачванай. З’явіўшыся ў вызначаны час у апорны пункт, участковага міліцыянта яна так і не дачакалася.

Нагадаем, што сёлета Літвінчук была двойчы пакараная судом па абвінавачванні “ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. 13 студзеня яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь, а 16 лютага – яшчэ на 40 базавых велічынь, прычым на другі з гэтых судоў журналістку не запрасілі.

23 красавіка выдаўца маланакладнай газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава выклікалі ў Крычаўскі РАУС і склалі на яго пратакол паводле арт. 9.2. КаАП ("Паклёп"). Кудраўцава абвінавачваюць у тым, што ён “распаўсюдзіў заведама ілжывую ганебную выдумку” ў дачыненні да оперупаўнаважанага Крычаўскага РАУС Дзямешкі А. В. Пратакол склаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) Крычаўскага РАУС Вусік І. В.

У пратаколе не названая ні публікацыя, ні сайт, на якім быццам бы распаўсюджаныя “заведама ілжывыя” звесткі ў дачыненні да А. Дзямешкі. Згадваецца толькі, што здзейсніў гэта Уладзімір Кудраўцаў 5 красавіка 2015 г. у 13.00.

Арт. 9.2. КаАП ("Паклёп") прадугледжвае пакаранне штрафам у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

23 красавіка карэспандэнт інфармагенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч атрымаў адказ з Магілёўскага аблсавета дэпутатаў на свой зварот наконт парушэнняў беларускага заканадаўства аб справаводстве. Паводле журналіста, парушэнні былі дапушчаныя пры падрыхтоўцы папярэдняга адказу на адзін з яго зваротаў. Старшыня Магілёўскага аблсавета Анатоль Ісачанка прызнаў, што сапраўды ў падрыхтоўцы адказу было дапушчана парушэнне п. 63 пастановы Мінюста №4.

Далей А. Ісачанка ў сваім адказе напісаў, што аднак накіраванне журналістам скаргаў на дзеянні чыноўнікаў ён лічыць неканструктыўнай пазіцыяй.

Нагадаем, У. Лапцэвіч ужо на працягу некалькіх месяцаў спрабуе дабіцца права прысутнічаць на адкрытых сесіях Магілёўскага аблсавета. Лапцэвіч лічыць, што дзеянні кіраўніцтва аблсавета, якое не дазваляе яму асвятляць прысутнічаць на сесіях, парушаюць цэлы шэраг артыкулаў Закона “Аб СМІ”, Закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” і Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”.

24 красавіка суд Цэнтральнага раёна Гомеля аштрафаваў за «незаконнае інтэрв'юіраванне» журналістаў-фрылансераў Наталлю Крывашэй і Канстанціна Жукоўскага на 5,4 млн рублёў кожнага. Суддзя Марына Дамненка, разгледзеўшы адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя Нараўлянскім РАУС, прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП.

Паводле пратаколу, журналісты 12 сакавіка, не маючы акрэдытацыі МЗС “на вытворчасць дзейнасці журналіста, незаконна правялі інтэрв'юіраванне жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая, тым самым незаконна ўдзельнічалі ў вырабе прадукцыі СМІ”. Падставай абвінавачання стаў відэасюжэт «Пажылыя людзі вымушаны плаціць за свае дамы ў 4 разы больш, чым за калгасныя», паказаны 13 сакавіка ў эфіры  тэлеканала «Белсат». З пастановай суда журналісты-фрылансеры не згодныя і будуць яе абскарджваць.

24 красавіка ў Мінску адбыўся IX з'езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.  Па выніках галасавання новым старшынём арганізацыі абраны Андрэй Бастунец. Жанна Літвіна, якая кіравала арганізацыяй на працягу амаль 20-і гадоў, заявіла, што не будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на галасаванне. Намеснікамі старшыні абралі Аліну Суравец, Святлану Калінкіну, Аляксандра Старыкевіча і Міхася Янчука.

З'езд абраў Праўленне ГА "БАЖ" у складзе 15-і чалавек. Акрамя старшыні і яго намеснікаў (якія ўваходзяць ў Праўленне аўтаматычна), сябрамі гэтага кіраўнічага органа сталі таксама Жанна Літвіна, Зоя Хруцкая (Маладзечна), Юрась Карманаў, Алег Агееў, Ірына Віданава, Андрэй Аляксандраў, Алёна Шарамет, Таццяна Мельнічук, Вольга Хвоін, Аляксандр Коктыш.  Таксама дэлегаты з’езду абралі новую Раду ў скадзе 39-і прадстаўнікоў з Мінска і рэгіёнаў.

У Кантрольна-рэвізійную камісію абраныя Любоў Буянава (Лунёва), Аляксандр Жук, Ірына Карамышава. У Камісію па этыцы абралі сем чалавек: Анатоль Гуляеў, Андрэй Пачобут, Сяргей Ваганаў, Таццяна Равяка, Валер Карбалевіч, Марына Загорская, Зміцер Падбярэзскі.

25 красавіка незалежны журналіст з Мінска Сяргей Краўчук наведаў па позве аддзяленне міліцыі ў Фаніпалі. Позву яму напярэдадні прынеслі праваахоўнікі дахаты. У Фаніпалі супрацоўнікі міліцыі паказалі журналісту раздрукоўкі сюжэта з сайта “Белсата” з грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі 17 красавіка, на якім ён прысутнічаў. Міліцыянты заявілі Краўчуку, што завялі супраць яго адміністрацыйную справу па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і перадаюць яе ў суд. Па словах міліцыянтаў, разглядаць справу журналіста будзе неўзабаве суд Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!