2815

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 17.08-13.09.2015 г.

13.09.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Новыя штрафы фрылансерам, ператрус у кватэры, выдаленне фотаздымкаў з камеры, абмежаванне доступу да сайтаў, некалькі затрыманняў, чарговая адмова ў распаўсюдзе – спектр парушэнняў правоў журналістаў у акрэслены перыяд быў даволі шырокі.

17 жніўня незалежная журналістка Аліна Скрабунова атрымала адказ на сваю скаргу пракурору г. Магілёва. У скарзе журналістка паведамляла пра парушэнні заканадаўства, дапушчаныя пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу старшым інспектарам ААПП Ленінскага РАУС Магілёва маёрам Аляксандрам Сініцкім.

В. а. пракурора Магілёва Яўген Фурманаў адхіліў скаргу Скрабуновай. Ён палічыў, што, згодна з ч. 1 арт. 7.3 ПВКаАП, скаргу на дзеянні службовай асобы органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, можна падаць на працягу тэрміну вядзення адміністрацыйнага працэсу і да вынясення пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Па меркаванні праваабаронцы Барыса Бухеля, адказ пракуратуры выявіў прававыя калізіі ў ПВКаАП РБ. Напрыклад, з названых артыкулаў вынікае, што, калі ў часе расследавання адміністрацыйнай справы супрацоўнікі органаў дапусцілі парушэнні, але справу спынілі, то іх дзеянні застануцца беспакаранымі.

Нагадаем, 27 ліпеня суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Алена Волкава спыніла адміністрацыйную справу А. Скрабуновай у сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці. Журналістку абвінавачвалі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).

19 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых велічыняў (па 4,5 млн рублёў). Нагодай для завядзення справы стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”. Журналістаў абвінавацілі ў падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Судовы разгляд пачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя накіраваў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хаця самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведак – мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.

Нагадаем, агульная сума штрафаў журналістам па арт. 22.9 ч. 2 КаАП за 2015 год складае ўжо больш за 146 млн рублёў.

19 жніўня Віцебскі абласны суд (суддзя Святлана Іванова) не задаволіў касацыйныя скаргі журналістаў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача і пакінуў у сіле рашэнні Глыбоцкага райсуда аб прызнанні журналістаў вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 ч. 2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

“Разбор касацыйнай скаргі Т. Смоткінай суддзя адмовілася праводзіць адкрыта, даведаўшыся, што ні журналістка, ні яе абаронца не прыехалі на суд. Між тым, прысутнасць асобы, якая накіравала касацыйную скаргу, на разглядзе не абавязковая. А ў зале суда былі неабыякавыя да гэтай справы людзі – журналісты і праваабаронцы. Суддзя не звярнула на гэта ўвагі, хаця разгляды касацыйных скаргаў, паводле заканадаўства, мусяць праходзіць публічна”, – паведаміў праваабаронца Павел Левінаў.

Нагадаем, падставай для адміністрацыйнай справы супраць З. Лупача стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны на сайце "Еўрарадыё". За супрацу з замежным СМІ 23 ліпеня суддзя Глыбоцкага райсуда Ірына Казак пакарала журналіста штрафам у памеры 4,5 млн рублёў. Нагодай для справы Т. Смоткінай стаў артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. 28 ліпеня суддзя Глыбоцкага райсуда Людміла Вашчанка аштрафавала яе таксама на 4,5 млн рублёў.

19 жніўня ў Бярозаўцы (Гродзенская вобласць, Лідскі раён) два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным правялі ператрус у кватэры, дзе жыве журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук. Міліцыянты перабралі паперы ў яго дома, а таксама забралі камп’ютар і стары прынтар, які знаходзіўся ў непрацоўным стане. Санкцыю на ператрус даў раённы пракурор у межах расследавання крымінальнай справы па факце правядзення флэш-мобу ў Бярозаўцы 25 ліпеня 2015 г.

Нагадаем, у 2014 г. пракуратура Лідскага раёна вынесла Ю. Дзяшуку папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб СМІ (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ і публікацыя неправеранай інфармацыі).

21 жніўня Міністэрства інфармацыі паведаміла, што за наяўнасць прыкмет экстрэмізму абмежаваны доступ да двух інтэрнэт-рэсурсаў. Назвы гэтых рэсурсаў не названыя.

“На падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна г. Мінска, якое ўступіла ў законную сілу 18 жніўня 2015 года, аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі і, кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", Міністэрствам інфармацыі 19 жніўня 2015 года, прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да двух інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт, з дапамогай якіх распаўсюджвалася інфармацыйная прадукцыя, якая змяшчае прыкметы праявы экстрэмізму ў частцы распальвання расавай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасці”, - паведаміў афіцыйны сайт Мінінфарма.

21 жніўня ў Магілёве журналіста Аляксандра Буракова прымусілі выдаліць фотаздымкі інфармацыйнага стэнда з абвесткай пра прызначаныя на 11 кастрычніка прэзідэнцкія выбары. Стэнд размешчаны каля будынка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва. Па словах Аляксандра Буракова, як толькі ён зрабіў здымкі, з будынка адразу ж выйшла супрацоўніца Дэпартамента аховы МУС і запатрабавала выдаліць фотаздымкі з камеры. А. Буракоў папрасіў яе назваць сябе і патлумачыць, якім законам забаронена фатаграфаваць стэнды пра выбары. Супрацоўніца міліцыі Міхайлава Ілона спаслацца на канкрэтны закон не змагла. Тым не менш, яна настойвала на выдаленні здымкаў.

Адразу ж пасля гэтага журналіст напісаў скаргу на дзеянні супрацоўніцы міліцыі ў Кнізе заўваг і прапаноў адміністрацыі Ленінскага раёна горада Магілёва.

22 жніўня рашэннем кіраўніка дзяржавы, былі памілаваныя і вызваленыя шэсць палітвязняў, у тым ліку 24-гадовы журналіст «Бобруйского курьера», сябра ГА “БАЖ” Яўген Васьковіч.

Нагадаем, Васьковіч быў асуджаны ў маі 2011 года на сем гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю пратэсту, праведзеную ля сцен Бабруйскага КДБ. Шкода ад яго дзеянняў (сапсаваная ў адным месцы тынкоўка) склала 253 тыс. рублёў. Нягледзячы на гэта, да яго ўжылі артыкул аб нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры.

31 жніўня рэдакцыя газеты “Новы Час” зноў звярнулася ў РУП “Белсаюздрук” з просьбай пра заключэнне дамовы на распаўсюд газеты праз гандлёвую сетку прадпрыемства. Але ў адказ атрымала чарговую адмову. Кіраўніцтва РУП “Белсаюздрук” паведамляе, што не мае магчымасці для распаўсюду “Новага Часу” праз сваю сетку і абяцае вярнуцца да гэтага пытання напрыканцы года.

“Новы Час” – недзяржаўны штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай, гістарычнай і культурнай тэматыцы, друкуецца на беларускай мове.

7 верасня ў Гомелі журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй зачынілі ў інтэрнаце і выклікалі на іх міліцыю. Інцыдэнт здарыўся ў інтэрнаце на вул. Уладзімірава, 37, куды журналісты наведаліся па скарзе адной з жыхарак, што ў будынку доўгі час не працуе душ і не рамантуецца санвузел.

“Мы прыехалі, каб праверыць, ці адпавядае гэта рэчаіснасці і, магчыма, падрыхтаваць матэрыял. Загадчыца інтэрната Надзея Кавалёва патэлефанавала ў сваё камунальнае прадпрыемства “Савецкае”, дзе ёй параілі зачыніць нас на замок і выклікаць міліцыю”, - распавёў пасля К. Жукоўскі.

У інтэрнат па выкліку прыехалі двое супрацоўнікаў Савецкага райаддзела міліцыі – Андрэй Дзем’яненка і Сяргей Янковіч, якія апыталі ўдзельнікаў інцыдэнту і вызвалілі іх. Фрылансеры, у сваю чаргу, напісалі скаргі на гвалтоўнае абмежаванне іх свабоды перамяшчэння і стварэнне перашкодаў пры выкананні прафесійных абавязкаў.

7 верасня ў Мінску затрымлівалі пазаштатную карэспандэнтку “Народнай волі” Кацярыну Андрэеву, калі яна збіралася асвятляць пікет падманутых дольшчыкаў каля Палаца незалежнасці. Міліцыянты затрымалі журналістку разам з пікетчыкамі, нягледзячы на тое, што яна мела пры сабе пісьмовае рэдакцыйнае заданне.

Андрэеву даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, пратрымалі там прыкладна паўтары гадзіны, а пасля адпусцілі без складання пратакола.

7 верасня журналіст, ваенны аналітык Аляксандр Алесін паведаміў, што па-ранейшаму застаецца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Па словах журналіста, следчых дзеянняў з яго ўдзелам ужо даўно не праводзіцца. А з-за падпіскі аб нявыездзе ён вымушаны адмаўляцца ад вялікай колькасці важных міжнародных сустрэч.

Следчыя раяць чакаць указа Лукашэнкі. У КДБ гавораць, што Палата прадстаўнікоў падрыхтавала папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі, якое не прычыніла шкоды дзяржаве, не будзе з’яўляцца злачынствам. Калі папраўкі будуць падпісаныя Лукашэнкам, следчыя абяцаюць закрыць справу, – расказаў Аляксандр Алесін.

Нагадаем, А. Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада 2014 г. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ. 8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК) і наладжванні супрацоўніцтва са спецслужбай органаў бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы (арт. 356-1 КК). 10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!