851

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 16.02-01.03.2015 г.

01.03.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Праваахоўныя органы Беларусі працягваюць адсочваць дзейнасць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Акрамя таго, вызначылася новая тэндэнцыя – афіцыйныя пісьмовыя папярэджанні недзяржаўным рэгіянальным газетам за дробныя недахопы ў выходных дадзеных. Рэдактары мяркуюць, што гэта робіцца адмыслова з мэтай паставіць іх выданні ў “падвешанае” становішча напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

18 лютага стала вядома, што пасля доўгатэрміновага спаткання Яўгена Васьковіча з яго маці ў магілёўскай калоніі №15 (5-6 лютага) палітвязню забаранілі ўзяць з сабой у атрад прававую літаратуру. У тым ліку – Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Чаму гэтая літаратура апынулася пад забаронай, супрацоўнікі калоніі не растлумачылі.

19 лютага калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне аб яе высылцы з Беларусі. Гэта быў апошні этап абскарджання, які дазваляў Танкачовай заставацца ў краіне. Да 21 лютага яна павінна была пакінуць тэрыторыю Беларусі з немагчымасцю вяртацца на працягу трох гадоў.

20 лютага ў Мінску людзі ў цывільным затрымалі фатографа газеты «Наша Ніва» Сяргея Гудзіліна. Інцыдэнт здарыўся, калі журналіст асвятляў працэс расклейвання грамадскімі актывістамі ў цэнтры горада плакатаў да Дня роднай мовы. Журналіста разам з затрыманымі актывістамі пасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў РУУС Савецкага раёна. Праз тры гадзіны Гудзіліна адпусцілі без складання пратакола.

20 лютага ў судзе Барысаўскага раёна адбылася першая сустрэча па зыску  аб абароне дзелавой рэпутацыі супраць недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Борисовские новости”. З заявай у суд звярнулася ўчастковая медсястра гарадской паліклінікі.

Падставай для звароту ў суд стаў артыкул “Кто виноват в смерти пациента 2-ой поликлиники?”, надрукаваны 24 снежня 2014 г. У ім быў апублікаваны ліст чытачкі, якая распавядала пра смерць мужа, якая наступіла пасля візіту медсястры для аказання дапамогі. Чытачка палічыла гэта наступствам несумленнага выканання абавязкаў працаўніцай паліклінікі. У гэтым жа артыкуле была апублікаваная вытрымка з пісьмовага адказу галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай лякарні на зварот пацярпелай (жонкі памерлага). Ён паведамляў, што службовая праверка не знайшла пацвярджэння выкладзеных жанчынай фактаў.

Нягледзячы на прысутнасць меркаванняў абодвух бакоў канфлікту, супрацоўніца паліклінікі палічыла факт публікацыі артыкула распаўсюдам ілжывых і ганебных для яе звестак. Акрамя рэдакцыі “БН”, адказчыцай выступае аўтарка ліста ў рэдакцыю.

Пазоўніца патрабуе абвяржэння інфармацыі і 50 млн рублёў ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Наступная сустрэча ў судзе прызначаная на 11 сакавіка.

23 лютага рэдактар крычаўскай маланакладнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны паведаміў, што атрымаў патрабаванне ад інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Крычаўскім раёне прадставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2011-2014 гады ў тэрмін не пазней за 24.02.2015 г.

Сяргей Няроўны лічыць, што праз падатковую інспекцыю ўлады хочуць націснуць на яго як рэдактара “Вольнага горада” з мэтай змяніць крытычную пазіцыю выдання ў адносінах да мясцовай “вертыкалі” на больш лагодную.

Па словах Няроўнага, апошні раз падатковая інспекцыя спрабавала на яго націснуць у 2011 годзе.

Газета “Вольны горад” выдаецца з 1998 года і карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Яна распаўсюджваецца накладам у 299 асобнікаў, бо зарэгістраваць газету, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, не ўдалося, мясцовыя ўлады заўсёды выступалі супраць такой рэгістрацыі.

24 лютага сябра ГА "БАЖ" Павел Севярынец атрымаў ліст з Гродзенскай мытні пра тое, што ні ў адной з забраных у яго на польска-беларускай мяжы кніг не знайшлі экстрэмізму. (Раней паведамлялася, што экспертыза кнігі "Тэрра дэй" яшчэ не скончаная.)

Нагадаем, 13 кастрычніка 2014 г. на мытным пераходзе Брузгі ў Севярынца забралі 20 кніг Зянона Пазьняка, у тым ліку «Цяжкі час—працяг», «Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў», «Дэклярацыя — першы крок да незалежнасьці», «Менскі гарсавет ў пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі (1990-1991)», «Тэрра Дэй», «Развагі», «Парсіваль» і іншыя.

25 лютага грамадскі актывіст са Слоніма Павел Севасцьян таксама атрымаў ад Гродзенскай рэгіянальнай мытні паведамленне пра тое, што скончана праверка адабраных у яго на мяжы выданняў. У лісце за подпісам намесніка начальніка мытні Ю. Комлача паведамляецца, што экспертнае заключэнне было зроблена 16 лютага, і ў забранай у яго літаратуры “адсутнічаюць прыкметы экстрэмізму”.

Нагадаем, 27 ліпеня 2014 г. на памежным польска-беларускім пераходзе Бераставіца пры мытным даглядзе яго аўтамабіля мытнікі забралі часопісы, газеты і кнігі, у тым ліку выданне пра палітычных зняволеных у Беларусі “Palitviazni.info”, асобнікі тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, а таксама польска-беларускі слоўнік, выдадзены беларускім дзяржаўным выдавецтвам.

25 лютага Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову ААЦ №6/8 “Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складнікаў), размешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт”

ад 19 лютага 2015 г. Дакумент вызначае парадак блакіроўкі і разблакіроўкі сайтаў у Беларусі, а таксама адказныя за гэта дзяржорганы.

Як вынікае з дакумента, цяпер любы дзяржорган можа ініцыяваць блакіроўку інтэрнэт-рэсурсу, звярнуўшыся са скаргай у Мінінфарм. Юрыст ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец, каментуючы дакумент, звяртае ўвагу на тое, што працэс цалкам вынесены ў пазасудовую сферу і аддадзены на водкуп дзяржаўным органам і Мінінфарму. Парадак судовага абскарджання такіх рашэнняў не прадугледжаны. І ёсць асобнае палажэнне адносна таго, што блакавацца могуць нават ананімайзеры. Юрыст падкрэслівае, наколькі адрозніваюцца тэрміны прыняцця рашэння пра абмежаванне доступу да сайтаў і яго адмены: “Калі гаворка ідзе пра абмежаванне, фігуруе трохдзённы тэрмін ці нават 24-гадзінны (такі час адводзіцца правайдару на блакаванне доступу да сайта). А там, дзе ідзе гаворка пра аднаўленне доступу, Мінінфарм мае цэлы месяц на разгляд звароту. Гэта вельмі яскрава дэманструе падыход да рэгулявання гэтага пытання”.

25 лютага стала вядома, што беларускія ўлады адмовілі ва ўязной візе ў Беларусь карэспандэнту “The Wall Street Journal Europe” Дэвіду Кроўфарду. Прычыну адмовы яму не патлумачылі. Планавалася, што журналіст ў межах “Прэс-клуба Беларусь” распавядзе беларускім калегам пра працу арганізацыі журналісцкіх расследаванняў CORRECT!V, якая месціцца ў Берліне і займалася, у прыватнасці, тэмай крушэння малазійскага авіялайнера на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе.

25 лютага Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні недзяржаўным рэгіянальным газетам: баранавіцкай “Intex-press”, “Ганцавіцкаму часу” і “Газеце Слонімскай”. Санкцыі падпісаныя міністрам Ліліяй Ананіч.

Рэдакцыю “Газеты Слонімскай” звінавачваюць у парушэнні арт. 22 “Закона аб СМІ” - у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах (ад 11.02.2015 і ад 18.02.2015) у выданні не быў пазначаны наклад. Галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук кажа, што наклад выдання быў пазначаны на першай старонцы згаданых нумароў.

Рэдакцыі газет “Intex-Press” і “Ганцавіцкі час” вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання.

“Мы будзем абскарджваць папярэджанне, хаця б таму, што наша выданне ў той дзень, за які вынесенае папярэджанне, нават не выходзіла. А па-другое, некаторыя дзяржаўныя рэгіянальныя выданні не толькі не пазначаюць "Рэспубліка Беларусь", а нават пра Міністэрства інфармацыі ў выходных дадзеных не ўзгадваюць увогуле”, – заявіў галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі.

Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд.

25 лютага гомельскі юрыст, праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка звярнуўся да начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама з просьбай высветліць юрыдычную ці фізічную асобу на тэрыторыі Беларусі, якая адмініструе інтэрнэт-сайт gomelbest.com. Нагодай звароту ў міліцыю стала публікацыя ад 20 лютага “Зорачкі для праваабаронцы”. Паводле Судаленкі, аўтар паклёпнічаў на яго і ўчыніў псіхалагічны гвалт з тым, “каб пасяліць у ім страх і няўпэўненасць ў бяспецы яго непаўнагадовых дзяцей”. Л. Судаленка лічыць, што такія дзеянні падпадаюць пад арт. 186 КК – пагроза забойствам. Ён просіць правесці праверку і прыцягнуць аўтара да крымінальнай адказнасці.

26 лютага ўвечары ў цэнтры Мінска міліцыянты затрымалі на чатыры гадзіны супрацоўніка газеты “Комсомольская правда" в Беларуси” Дзмітрыя Ласько за тое, што ён збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка Акадэміі навук.

Затрыманага адвезлі ў Першамайскае РУУС, дзе пратрымалі да поўначы. Па словах Дз. Ласько, міліцыянты пільна разглядалі ўсе фотаздымкі з фотаапарата, цікавіліся прафесійнай дзейнасцю і склалі пратакол апытання.

Міліцыянты спасылаліся на нейкую пастанову міністра ўнутраных спраў Беларусі ад 25 лютага 2015 года, паводле якога нібыта забаронена фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі.

Пазней «Комсомольская правда» высветліла, што гаворка ідзе пра «ўнутранае ўказанне» намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Такую інфармацыю даў газеце намеснік начальніка Першамайскага РУУС Юрый Баранаў.

26 лютага незалежная журналістка, сябра ГА “БАЖ” з Брэста Аліна Літвінчук з паштовага паслання даведалася, што Ленінскі райсуд Брэста (суддзя Аляксандр Семянчук) аштрафаваў яе на 40 базавых велічынь за незаконны выраб прадукцыі СМІ. З пастановы суда вынікае, што 8 студзеня 2015 г. А. Літвінчук, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю ў старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру Лідзіі Раманюк для “Беларускага Радыё Рацыя”, чым парушыла Закон “Аб СМІ”.

Паводле журналісткі, судовая пастанова па пошце стала для яе поўнай нечаканасцю, бо ні пра складзены міліцыяй адміністрацыйны пратакол, ні пра судовае разбіральніцтва журналістку ніхто не інфармаваў.

Нагадаем, гэта ўжо другі адміністрацыйны прысуд журналістцы ў 2015 г. 13 студзеня яе таксама прызналі вінаватай “у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

27 лютага суд Ленінскага раёна Брэста адклаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць незалежнай журналісткі з г. Бяроза Тамары Шчапёткінай. Матэрыялы справы суд вярнуў у міліцыю на дапрацоўку.

Справу ў дачыненні да сябры ГА “БАЖ” Т. Шчапёткінай завялі на падставе арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). У прыватнасці, яе абвінавачваюць у тым, што, не маючы акрэдытацыі, 8 студзеня 2015 г. яна нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое пазней з’явілася на інтэрнэт-сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Журналістка даводзіць, што ніякага інтэрв’ю са згаданым у адміністрацыйным пратаколе міліцыянтам не рабіла.

У снежні 2014 г. Тамару Шчапёткіну ўжо штрафавалі на 30 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі.

27 лютага ўвечары ўчастковы міліцыянт Аляксей Кароль завітаў дахаты да сябры ГА “БАЖ” Іны Хоміч. Перад гэтым ён па тэлефоне запрашаў журналістку на гутарку, але яна адмовілася ісці без афіцыйнай позвы.

Міліцыянт цікавіўся мэтай яе паездкі 5 лютага ў аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна. Высветлілася, што Іванаўскі РАУС завёў нейкую справу, паводле якой спатрэбілася апытаць брэсцкую журналістку. Участковы пытаўся, дзе Іна Хоміч працуе, з якой мэтай ездзіла ў Моталь, з кім размаўляла і пра што. Таксама яго цікавіла, ці працуе яна на польскае “Радыё Рацыя”.