НЕ - ВАЙНЕ!
2500

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 14.09-04.10.2015 г.

04.10.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Некалькі зафіксаваных службай маніторынгу ГА «БАЖ» за гэты парушэнняў правоў журналістаў і СМІ ўскосна ці наўпрост тычыліся бягучай выбарчай кампаніі. Адна гісторыя тычылася фатаграфавання абвесткі пра выбары, другая – узлому сайта назірання за выбарамі. 

17 верасня магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў атрымаў адказ на сваю скаргу, пакінутую ў кнізе заўваг і прапаноў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва. Нагадаем, што 21 жніўня супрацоўніца Дэпартамента аховы МУС Ілона Міхайлава прымусіла журналіста выдаліць з фотакамеры ўсе фотаздымкі пасля таго, як ён сфатаграфаваў каля будынка адміністрацыі інфармацыйны стэнд з абвесткай пра прэзідэнцкія выбары. Буракоў сцвярджае, што фатаграфаваў толькі стэнд, а будынак адміністрацыі ў кадр не трапляў.

У адказе начальнік Ленінскага аддзела дэпартамента аховы А. Несцярэнка паведаміў, што выкладзеныя журналістам заўвагі “не знайшлі аб’ектыўнага пацвярджэння”. Ён лічыць, што дзеянні Ілоны Міхайлавай былі законнымі і абгрунтаванымі і адпавядалі зацверджаным інструкцыям. А. Буракоў расчараваны атрыманым адказам, бо міліцэйскі чыноўнік фактычна не адказаў па сутнасці выкладзеных заўваг. Ён так і не патлумачыў, якая інструкцыя ці які іншы дакумент забараняе рабіць фотаздымкі інфармацыйных стэндаў альбо адміністрацыйных будынкаў і ў чым была неабходнасць выдалення фотаздымкаў з камеры журналіста.

22 верасня суддзя Гродзенскага абласнога суда Мікалай Рачынскі, разгледзеўшы касацыйныя скаргі фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча, пакінуў у сіле рашэнне Ленінскага райсуда Гродна прызнаць журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ.

Нагадаем, 19 жніўня суддзя Ленінскага райсуда Юрый Казакевіч аштрафаваў А. Кіркевіча і А. Дзянісава на 25 базавых велічыняў кожнага паводле арт. 22.9 КаАП. Нагодай для завядзення справы стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”. Журналістаў абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ, а менавіта – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыяла для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

23 верасня стала вядома, што недзяржаўнай рэгіянальнай газеце “Борисовские новости” зноў адмовілі ў распаўсюдзе праз сістэмы “Белпошта” і “Мінаблсаюздрук”.

Рэдакцыя выдання звярталася да дырэктара гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінаблсаюздрук” С. Есіна і да гендырэктара РУП “Белпошта” І. Саксонавай. Выданне прапаноўвала заключыць дамовы на распаўсюд праз сетку раздробнага гандлю, а таксама на аказанне паслуг па прыёму падпіскі і дастаўцы друкаванага СМІ. Дзяржаўныя прадпрыемствы-манапалісты не жадаюць заключаць дамоваў з выданнем, спасылаючыся на арт. 391 Грамадзянскага кодэкса, які надае юрыдычным і фізічным асобам свабоду ў заключэнні дамоваў.

Незалежнае выданне знікла з кіёскаў “Саюздруку” з 2006 г., напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У той жа час газету адмовілася распаўсюджваць “Белпошта”. З 1 чэрвеня 2013 г. на «Борисовские новости» зноў з’явілася магчымасць падпісацца ў аддзяленнях «Белпошты» Мінскай вобласці, але ў каталогах яна пратрымалася ўсяго 5 месяцаў.

23 верасня сайт кампаніі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі “Права выбару-2015” спрабавалі ўзламаць хакеры. Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі Дзяніс Садоўскі. Паводле адміністратара сайта, каля 13-й гадзіны была спроба DDOS-атакі з вялікай колькасці IP-адрасоў. З якой краіны ішла атака, вылічыць не ўдалося. Праз дзве гадзіны нехта спрабаваў падабраць паролі для ўваходу на сайт. У сувязі з інцыдэнтам на сайце ўзмоцненыя меры бяспекі.

Каардынатары кампаніі “Права выбару-2015” звязваюць спробу DDOS-атакі на сайт з жаданнем перашкодзіць незалежнаму назіранню за выбарчай кампаніяй і яе інфармацыйнаму суправаджэнню.   

29 верасня стала вядома, што амбасада Беларусі ў Расіі правяла сустрэчу з кіраўніцтвам расійскага тэлеканала “РЕН-ТВ”, у часе якой было “цвёрда ўказана на відавочны негатыўны характар” нядаўняга відэасюжэта пра сэкс-турызм у Беларусі. Гэта вынікае з адказу намесніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, які аказаўся ў распараджэнні прэс-службы ГА “БАЖ”.

Паводле дакумента ад 25 верасня, МЗС на сталай аснове ажыццяўляе маніторынг матэрыялаў пра Беларусь у замежных СМІ, і цяпер інфармацыйная палітыка “РЕН-ТВ” па беларускай тэматыцы “будзе адсочвацца асабліва ўважліва”.

Нагадаем, 14 верасня ў эфіры “РЕН-ТВ” паказалі сюжэт аўтарства Вячаслава Нікалаева і Дар’і Суздаль пра нібыта наяўнасць у Беларусі і Украіне шырокага рынку сэксуальных паслугаў. Матэрыял выклікаў рэзананс у беларускай прэсе.

2 кастрычніка стала вядома, што рэспубліканскае прадпрыемства па нагляду за электрасувяззю “БелДІЭ” закупляе сістэму “выяўлення сродкаў забеспячэння ананімнасці доступу да інтэрнэт-рэсурсаў”. Адпаведная заяўка размешчаная на афіцыйным партале дзяржзакупак. Згодна ёй, сістэма павінна быць пастаўленая і ўведзеная да канца лістапада 2015 г.

У РУП “БелДІЭ” на запыт tut.by патлумачылі, для чаго менавіта неабходная сістэма: “Паводле заканадаўства на БелДІЭ ўсклалі абавязкі пошуку проксі-сервераў і ананімайзераў. На сёння нашы супрацоўнікі шукаюць іх уручную. Але іх колькасць – дзясяткі тысяч, уручную ўсё не знайсці. Таму намі заказаны пошукавы робат. Наша функцыя – выкладваць іх на нашым сайце, а правайдэры павінны абмяжоўваць доступ да іх».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!