НЕ - ВАЙНЕ!
1202

Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 09-15.02.2015 г.

15.02.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Перашкоды пры выкананні прафесійных абавязкаў, пагрозы, адмова яшчэ аднаго дзяржаўнага органа ад адказнасці за блакаванне сайтаў, адхіленне касацыйнай скаргі журналістаў, а таксама зняцце з праваабарончага даклада падазрэнняў у экстрэмізме – вось асноўныя падзеі абазначанага перыяду.

9 лютага гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў паведаміў, што атрымаў праз сваю старонку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” паведамленне з пагрозай для жыцця. Па словах Сазонава, гэтае ўжо другое падобнае паведамленне за апошнія некалькі месяцаў.

10 лютага Вярхоўны суд (суддзя Кацярына Караткевіч) адхіліў скаргу выдаўца Ігара Логвінава на рашэнне Эканамічнага суда Мінска пра штраф і канфіскацыю прыбытку. Нагадаем, 9 студзеня суддзя эканамічнага суда Сяргей Кулакоўскі пастанавіў аштрафаваць прыватнае выдавецтва “Логвінаў” на 30 базавых велічынь, а таксама канфіскаваць прыбытак, атрыманы выдавецтвам у 2014 годзе, у памеры больш за 960 млн рублёў (каля 70 тыс. еўра па курсе на момант прыняцця рашэння суда). Суддзя Кулакоўскі прызнаў віну прадпрыемства ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (арт. 12.7 ч.2 КаАП) – продажы кніг без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі. Выдавецтва “Логвінаў” было вымушанае працаваць без рэгістрацыі ў рэестры распаўсюднікаў інфармацыі, бо ва ўключэнні ў яго Мінінфарм адмаўляў 6 разоў цягам года.

10 лютага стала вядома, што прыватнае выдавецтва “Логвінаў” не дапусцілі ўдзельнічаць у Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая праходзіла ў Мінску 11-15 лютага. Па словах Ігара Логвінава, дырэктар прадпрыемства-арганізатара ТАА «Макбел» паведаміў, што не прадставіць “Логвінаву” плошчы на выставе, бо мае адпаведны загад Міністэрства інфармацыі.

11 лютага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў афіцыйным адказе на запыт ГА “БАЖ” паведаміла, што не прымала захадаў па абмежаванні доступу да незалежных інтэрнэт-выданняў (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) напрыканцы снежня.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко паведамляе, што парадак абмежавання доступу карыстальнікаў да асобных інтэрнэт-рэсурсаў вызначаны адмысловым Палажэннем, зацверджаным сумеснай пастановай ААЦ і Мінсувязі. Паводле палажэння, спіс абмежаванага доступу фармуецца ў РУП “БелГІЭ”. Такім чынам, ніводны з дзяржаўных органаў не ўзяў на сябе адказнасці за блакаванне незалежных інтэрнэт-сайтаў у Беларусі з 19 на 22 снежня мінулага года.

Нагадаем, 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генпракуратуру, Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій і ААЦ звароты з патрабаваннем правесці праверку незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня, высветліць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства.

12 лютага стала вядома, што Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) прыкмет экстрэмізму закончыла праверку сумеснага даклада брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў «За паўгадзіну да вясны: даклад пра няроўнасць і дыскрымінацыю ў Беларусі». Як вынікае з заключэння камісіі, экстрэмізму ў дакладзе не знайшлі.

Нагадаем, надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы па пошце ў Беларусь, даклад быў затрыманы мытняй аэрапорта «Мінск-2» яшчэ на пачатку жніўня 2014 г.

Паводле старшыні РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт” Алега Гулака, кнігі пакуль застаюцца на мытні, хаця экспертыза датавана 25-м лістапада. Ідзе дыскусія наконт працэдуры вяртання затрыманага накладу.

13 лютага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешку прымусілі пакінуць выставу "Музея шакалада" ў гісторыка-археалагічным музеі Гродна. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі заявіў, што, пакуль не будзе акрэдытацыі і пасведчання, журналіст не мае права браць інтэрв’ю ў гродзенскіх установах культуры. Прад'яўленае пасведчанне сябра ГА “БАЖ” на чыноўніка не падзейнічала. Вярсоцкі заявіў, што “такіх пасведчанняў ён можа намаляваць шмат”, і папрасіў пакінуць памяшканне музея.

Андрэй Мялешка лічыць гэты інцыдэнт чарговай забаронай на прафесію і парушэннем яго канстытуцыйных правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

13 лютага стала вядома, што скарга распаўсюдніка газеты «Витебский курьер» Міхаіла Жураўлёва зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН. Афіцыйнае паведамленне пра гэта атрымаў праваабаронца Павел Левінаў, які дапамагаў у складанні скаргі.

Нагадаем, у 2012 г. супрацоўнікамі РАУС Першамайскага раёна Віцебска быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку М. Жураўлёва - за незаконны, на думку міліцыі, распаўсюд газеты «Витебский курьер». Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна прысудзіла Жураўлёву штраф памерам 2500000 рублей. Абскардзіць гэтае судовае рашэнне не атрымалася: суддзя Віцебскага аблсуда Ірына Смалякова, а потым і старшыня гэтага суда Мікалай Хамічонак, і  намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч не ўбачылі падставаў для адмены пастановы.

«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за выказванне свайго меркавання шляхам распаўсюду інфармацыі ў друку парушыла права Міхаіла Жураўлёва, гарантаванае арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН», - перакананы Павел Левінаў.

КПЧ ААН ужо разгледжана амаль 100 зваротаў грамадзян аб парушэнні Рэспублікай Беларусь іх правоў і свабод. У пераважнай большасці выпадкаў дзяржава прызнана парушальнікам. Яшчэ каля 70 зваротаў чакаюць разгляду.

17 лютага судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага аблсуда адхіліла касацыйную скаргу інфармагенцтва “БелаПАН”, рэдакцыі газеты "УзГорак" і журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.  Журналісты спрабавалі абскардзіць рашэнне суда Горацкага раёна па пазове старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай.

Пазоў Калтуновай тычыўся матэрыялаў Лапцэвіча з судовага працэса, які праходзіў у 2013 г. і паміж чальцамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай. Калтунова палічыла, што апублікаваныя БелаПАН і “УзГоркам” выказванні яе апанентаў у судзе ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Журналісты ў судзе даводзілі, што апублікаваная інфармацыя дакладна перадавала пазіцыі бакоў, выказаныя на судовым працэсе. Юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў лічыць, што СМІ фактычна прыцягнулі да адказнасці за асвятленне судовага працэсу – то бок, за іх непасрэдную працу.

Нагадаем, што 18 снежня 2014 г. Горацкі райсуд пастанавіў спагнаць на карысць Калтуновай з ПГВУП “УзГорак”, ЗАТ “БелаПАН” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў салідарным парадку 6 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкі таксама абавязаныя аплаціць судовыя выдаткі спн. Калтуновай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!