343

Інфармацыйная прадукцыя незалежнага медыя-рэсурсу «Позірк» аб’яўлена «экстрэмісцкай»

28.04.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Міністэрства інфармацыі абнавіла так званы рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Цяпер тут і навінавая прадукцыя рэсурсу «Позірк», які ўзнік дзякуючы высілкам журналістаў зліквідаванага агенцтва БелаПАН і яго дачыннага сайту Naviny.by.  

Як адзначаецца на сайце ведамства, якое ўсё часцей бярэ на сябе рэпрэсіўныя функцыі ў адносінах да недзяржаўных СМІ, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны медыя-праект «Позiрк – Навiны пра Беларусь», які базуецца на самых разнастайных інфармацыйных пляцоўках. Гэта як асноўны інтэрнэт-сайт, так і сацсеткі, Telegram-канал, YouTube-канал, падкастынгавыя платформы, кантэнт у spotify  і г.д.

Паведамляецца, што адпаведнае рашэнне кулуарным парадкам прыняў суд Цэнтральнага раёну Мінска 21 красавіка, вердыкт падлягае «неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з арт. 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу».

Акрамя таго, у «чорным спісе» Міністэрства інфармацыі таксама значыцца група ў расійскай сацыяльнгай сетцы «Одноклассники» пад назвай «Naviny – Новости Беларуси» (ідэнтыфікатар https://ok.ru/naviny). Рашэнне прызнаць прадукцыю «экстрэмісцкай» запісаў у свой актыў суд Светлагорскага раёну Гомельскай вобласці 20 красавіка. 

Naviny.by – у мінулым папулярная аналітычная інтэрнэт-пляцоўка, інтэграваная з навінавай стужкай незалежнага агенцтва БелаПАН. Акурат яе пераемнікам пазіцыянуе сябе цяперашняя каманда медыя-праекту «Позірк».  

Пасля затрымання шэрагу кіраўнікоў зліквідаванага СМІ і абвяшчэння БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваннем» бальшыня журналістаў пакінулі Беларусь і працягнулі за мяжой справу свайго заснавальніка Алеся Ліпая, памерлага ад цяжкай хваробы ў 2018 годзе. 

Нагадаем, былых і дзейных супрацоўнікаў БелаПАН Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава і яго жонку Ірыну Злобіну затрымалі ў розны перыяд цягам 2021 году. Усіх абвінавацілі па цэлым шэрагу крымінальных артыкулаў – ад нясплаты падаткаў да ўдзелу ў «экстрэмісцкім фармаванні». Праваабаронцы прызналі арыштаваных палітвязнямі. 

Летась 4 красавіка крымінальную справу накіравалі ў суд. Працэс пачаўся 6 чэрвеня і доўжыўся чатыры месяцы. 

6 кастрычніка суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка агучыў прысуды: Андрэю Аляксандраву – 14 гадоў калоніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў, Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў, Ірыне Леўшынай — 4 гады. Усім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў.

Сёлета 6 студзеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі фігурантаў «справы БелаПАН». па факту нязначна змянілі толькі асобныя фармулёўкі, але самі прысуды пакінулі ў сіле.

20 студзеня Мінстэрства ўнутраных спраў дадало палітзняволеных у пералік грамадзян Беларусі, замежнікаў або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». 

 

Чытайце яшчэ:

Беларускія журналісты выйгралі справу супраць Беларусі

«Нават зняць грошы не атрымалася». Ва Украіне ў беларускіх журналістаў па-ранейшаму заблакаваныя банкаўскія карткі

«Противодействие популярным в прессе кликабельным нарративам — часть моей работы». Интервью с Артемом Шрайбманом

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!