Аўтарская калонка

Індэксам па Рэйтынгу

28.04.2016 Аўтарская калонка Андрэя Бастунца 1471

Даў некалькі інтэрв'ю з нагоды рэйтынгу Freedom House. Ці насамрэч Беларусь ёсць адной з найгоршых краін у свеце па свабодзе выказвання?

index.jpg

Паспрабаваў падсумаваць свае думкі:

1) Не, я не ўпэнены, мякка кажучы, што мы сярод найгоршых у глабальным кантэксце.

2) У рэгіянальным – так. Але ж наш рэгіён – Еўропа.

3) Усе краіны былога СССР, якія не абралі шлях еўрапейскай інтэграцыі, маюць тыя ці іншыя сур'ёзныя праблемы са свабодай выказвання.

4) Што вылучае нас у сусветным кантэксце – дык гэта ступень дзяржаўнага кантролю за ўсімі і ўсім у інфармацыйнай прасторы (і не толькі ў ёй).

5) Але чым далей, тым болей імкненне ўсё кантраляваць дэманструюць і іншыя постсавецкія (і не толькі) краіны.

6) І калі так пойдзе і надалей, то Беларусь мае шанцы значна падняцца ў Рэйтынгу. Але ж не таму, што ў нас стане лепш, а таму што ў іншых – горш.

Рэйтынг FH, як і ўсе астатнія, – суб'ектыўны. І нашае месца ў ім трэба параўноўваць не з іншымі краінамі, кожная з якіх няшчаслівая па-свойму, а з тым, якое мы займалі раней.

І калі пагледзець на 2011 год, дык, зразумела, сітуацыя значна палепшылася (бо тады – у сучаснай Беларусі – з пункту гледжання захавання правоў чалавека быў абсалютны мінімум). Калі ж абраць іншыя перыяды, дык... Дык з цягам часу амаль нічога не змяняецца. Што і адлюстроўвае Рэйтынг.

Толькі паступова зацягваецца пятля на шыі. Але ж мы да гэтага амаль прызвычаіліся...