747

“Імгненні гарадзенскай прыгажосці” — нават фатографам ёсць што паглядзець

23.09.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Больш за 100 здымкаў, што паказваюць усе бакі жыцця Гродна, можна пабачыць на выставе “Імгненні гарадзенскай прыгажосці”.

Выстава адкрылася 22 верасня ў гродзенскай выставачнай зале па вуліцы Ажэшка, і падрыхтаваная да 44-годдзя гарадскога народнага фотаклуба і да 888-годдзя Гродна.

Пра тое, што можна пабачыць на выставе распавядае старшыня гродзенскага фотаклуба Аляксандр Ласмінскі:

Адметнасць выставы ў колькасці аўтараў, бо за 44 гады існавання народны фотаклуб “Гродна” стаў папулярным. Мы вучым мець свой погляд на жыццё праз аб’ектыў фотакамеры, вучым як разглядзець прыгажосць. І гэтая прыгажосць, калі яна перанесеная на фотаздымкі, радуе наведнікаў выставы. Нават псіхолагі заўважылі — калі ты бачыш прыгажосць, яна робіць і цябе прыгажэйшым. Мне прыемна, што сярод аўтараў выставы ёсць людзі рознага пакалення. Гэта і маладыя аўтары, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у выставе, і аўтары, што маюць пад 70 гадоў”.

Сябра ГА "БАЖ" Аляксандр Саенка лічыць, што такія выставы вельмі патрэбныя жыхарам Гродна. На думку Аляксандра, “праз такія выставы можна ўбачыць усё жыццё горада: культурнае і рэлігійнае, сацыяльнае, людзі змогуць пазнаёміцца з усімі “пластамі” Гродна".

“Гэтая выстава робіцца для таго, каб гараджане і госці нашага горада змаглі паглядзець на прыгажосць, бо не заўсёды мы ходзім у тых месцах, дзе зробленыя гэтыя здымкі, далёка не заўсёды звяртаем увагу на асяроддзе. І далёка не заўсёды такое надвор’е і такі свет падаюць на гэтыя аб’екты. А тут у адным месцы сабраныя лепшыя фотаздымкі і, думаю, нават фатографам будзе цікава паглядзець. Бо некаторыя лічаць, што ўсё ўжо знята і здымаць няма чаго і горад не такі вялікі. Не — ёсць што здымаць! Проста трэба хадзіць з фотаапаратам, аглядацца вакол сябе і не замыкацца ў нейкім часе. Калі вы ходзіце звычайна ўдзень, пачніце гуляць уначы", — раіць выкладчык і вядомы фатограф з Гродна Сяргей Марозаў.

За 44 гады існавання фотаклуб удзельнічаў у больш чым 400 выставах у розных краінах свету, а пабачыць здымкі гродзенскіх майстраў фота можна будзе цягам бліжэйшых трох тыдняў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!