439

Іллю Дабратвора другі раз асудзілі за “Марш мудрасці” 30 лістапада

28.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў

30 лістапада мінулага года журналіста затрымалі і пакаралі штрафам у 50 базавых велічынь па артыкуле 23.34 КаАП. Прайшло амаль два месяцы і на Іллю склалі новы пратакол, цяпер ужо па 23.4 КаАП — нібыта журналіст непадпарадкоўваўся міліцыі падчас затрымання.

Сёння справу ў судзе разглядала Вікторыя Шабуня, гэтая суддзя разглядае шмат спраў супраць журналістаў і грамадскіх актывістаў ды выносіць абвінаваўчыя рашэнні.

Дзіўным чынам сведкамі па першай і другой справе былі зусім розныя міліцыянты.

Але самае цікавае, што затрымлівалі журналіста 30 лістапада людзі ў цывільным. У новай жа справе “сведкі” заявілі, што Ілля Дабратвор хапаў іх за міліцэйскую форму.

Гэтыя факты не перашкодзілі суддзі Вікторыі Шабуні вынесці звычайнае для такой сітуацыі рашэнне — чарговы штраф, цяпер у памеры 30 базавых (870 BYN).

Дарэчы, забраныя пасля затрымання 30 лістапада 2020 года тэлефон, грошы і флэш-карты журналісту дагэтуль не вярнулі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!