586

Ігар Ільяш на прэс-канферэнцыі: Кацярыну Андрэеву этапавалі ў Мінск у лепшых крымінальных традыцыях

05.02.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

9 лютага суд Фрунзенскага раёна пачне разглядаць крымінальную справу супраць журналістак тэлеканала “Белсат” Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай. ГА “БАЖ” арганізавала прэс-канферэнцыю для калег, каб яшчэ раз нагадаць пра крытычны стан з правамі чалавека датычна свабоды слова.

Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай, распавёў, што ў ноч з суботы на нядзелю Кацярыну этапавалі з жодзінскага ізалятара ў Мінск. Адзначае, што адбывалася гэта ў лепшых крымінальных традыцыях:

— Этап пачаўся а другой гадзіне ўначы, закінулі ў камеру-адстойнік з крымінальніцамі, якія сядзяць за забойства. На вакзале ўначы на марозе яны чакалі каля 40 хвілін спецтранспарта. І не проста стаялі і чакалі — іх прымусілі сядзець на кукішках.

У Мінску Кацю завезлі ў СІЗА на Валадарскага. Адвакат бачыў журналістку пасля этапу, паводле яго слоў, яна нармальна пачуваецца, мае бадзёры настрой.

Што тычыцца Дар’і Чульцовай, то яшчэ ўчора яна была ў Жодзіна. Яе этап — гэта толькі пытанне часу.

Каця адмыслова перадала заяву для прэсы перад судом. Публікуем на мове арыгіналу:

“9 февраля меня начнут судить по лживому обвинению в “организации действий, грубо нарушающих общественный порядок”. Моё дело от начала и до конца сфабриковано, причем сфабриковано весьма неумело. Я считаю это местью спецслужб за профессиональную журналистскую деятельность.

 15 ноября меня задержали по преступному приказу. В тот день силовики говорили мне: “Ты больше не будешь вести свои стримы никогда!”. Затем вновь вышел преступный приказ и меня поместили в тюрьму. Почти три месяца я провела за решеткой. По их замыслу, заключение должно было сломить меня и заставить усомниться в правильности выбранного пути. Однако ничего подобного не произошло. Это время в СИЗО только закалило мой характер. А невероятная поддержка с воли наполняла радостью каждый день.

Вместе с тем, я понимаю, что необходимо разорвать цепь исполнения преступных приказов и обращаюсь к суду с просьбой сделать это наконец. Выполнять преступный приказ — значит участвовать в преступлении. Но за преступлением последует раскаяние, и именно оно станет наиболее страшным наказанием, потому что будет отравлять вам жизнь, не давая покоя до глубокой старости.

Что касается меня, то я буду счастлива независимо от приговора, так как совесть моя чиста, а правду говорить легко и приятно”.

 

Ігар перадаў, што Кацярына Андрэева выказвае калегам вялікую падзяку за падтрымку: ад “Белсата”, ГА “БАЖ”, “Новага Часу”, “Нашай Нівы” і іншых рэдакцый і асоб.

Ігар Ільяш звяртае ўвагу, што Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву фактычна двойчы будуць судзіць за адно і тое ж правапарушэнне. Увосень дзяўчаты адбывалі адміністрацыйны арышт быццам бы за ўдзел у несанкцыянаваных пратэстах.

“Іх абвінавачваюць у тым, што яны актыўна ўдзельнічалі і нават кіравалі масавымі беспарадкамі, і што іх стрым прывёў да спынення 19-ці транспартных маршрутаў.

Безумоўна, абвінавачанне абсурднае і не мае доказаў іх віны: 19 лістапада на “плошчы Перамен” не было беспарадкаў, там была мірная акцыя пратэсту. Следства без усялякіх доказаў спрабуе даказаць, што белае — гэта чорнае. Ідзе банальная падмена сэнсаў, якая нават не абгрунтоўваецца”, — гаворыць Ільяш.

 

Намеснік дырэктара тэлеканала “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі падзякаваў усім, хто трымае ў фокусе тэму пераследу журналістаў за іх працу.

“Сітуацыя, у якой працуюць журналісты "Белсата", ніколі не была нармальнай. Але бліжэй да лета ўлады пабачылі, што штрафы неэфектыўныя як рэпрэсіі, і пачалі арыштоўваць нашых калег як удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Летась праз адміністрацыйныя арышты прайшлі 26 супрацоўнікаў “Белсата”. Некаторыя сядзелі па 2-3 разы, як, напрыклад, наш калега з Гомеля Яўген Меркіс. І гэта толькі нашы журналісты. Агульныя дадзеныя больш страшныя”, — гаворыць Аляксей Дзікавіцкі.

Ён падкрэсліў, што “адна справа, калі чалавек ідзе за краты на тыдзень-два ці нават на месяц, але тое дзікунства, якое мы бачым у справе Каці і Дашы перакручвае ўсе магчымыя паняткі. Гэта помста за выкананне працы, гэта спроба запалохаць незалежных журналістаў”.

Аляксей Дзікавіцкі нагадаў, што для тых, хто будзе сведчыць у судзе супраць журналістак, гэты ўчынак застанецца на сумленні назаўсёды.

На наступным тыдні прадстаўнікі тэлеканала “Белсат” сустракаюцца з палітыкамі ў польскім Сейме, і гэтая крымінальная справа супраць журналістак таксама будзе абмяркоўвацца.

 

“Дастаткова сказаць, што на сёння  11 нашых калег знаходзяцца за кратамі. Такога ніколі не было”, — заявіў старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, акрэсліваючы падзеі ў медыясферы краіны.

Ён нагадаў, што сёння БАЖ выступіў з заявай да замежных журналістаў падтрымаць тэму пераследу калег у Беларусі, каб яна не сышла з парадку дня.

Таксама апублікаваны адкрыты ліст ветэранаў беларускай журналістыкі і кіраўнікоў незалежных СМІ Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем “спыніць тупую сілу беззаконня”.

— Сёння размова не ідзе пра права і доказы. Размова ідзе пра тое, каб менавіта спыніць тупую сілу беззаконня супраць людзей, — падкрэслівае Андрэй Бастунец.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!