НЕ - ВАЙНЕ!
593

IFEX: «Свет можа шмат чаму павучыцца ў БАЖ, у тым ліку еднасці і вынаходлівасці»

07.09.2022 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Наместніца выканаўчага дырэктара Міжнароднай асацыяцыі па абароне свабоды слова Рэйчэл Кей накіравала адмысловы ліст падтрымкі БАЖ і беларускім калегам.

— Гэты зварот я б хацела распачаць з цытаты доктара Марціна Лютэра Кінга. Хаця яе часта ўзгадваюць, яна такая ж моцная і актуальная сёння, як і тады, калі ён упершыню сказаў гэтыя словы:

«Несправядлівасць дзе-колечы – пагроза для справядлівасці паўсюль... Мы ведаем са шматпакутнага досведу, што свабода ніколі не даецца добраахвотна прыгнятальнікам; яе павінны патрабаваць прыгнечаныя».

Як глабальная сетка з больш чым 100 арганізацыямі-сябрамі, IFEX адданы прасоўванню і абароне фундаментальнага права на свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыі. Мы хочам выказаць вам глыбокую ўдзячнасць за важную працу, якую вы робіце, і ваш значны ўнёсак у дасягненне гэтай мэты.

Нягледзячы на нападкі і велізарны ціск з боку ўладаў пасля выбараў 2020 года, БАЖ здолеў працягнуць сваю дзейнасць.

І без таго рэпрэсіўны клімат у Беларусі пагоршыўся яшчэ больш пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Мы былі глыбока занепакоеныя тым, што сталі сведкамі хуткага скарачэння колькасці незалежных СМІ, узмацнення цкавання праз судовы пераслед арганізацый грамадзянскай супольнасці і ўзмацнення пераследу журналістаў, многія з якіх былі вымушаныя пакінуць свой дом.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, БАЖ застаецца ўзорам лідарства і ўстойлівасці. Трывалая і неацэнная праца БАЖ мае вялікае значэнне для барацьбы з звужэннем прасторы для грамадзянскага дзеяння і абмежаваннем свабоды выказвання.

Мы разумеем, якім высокім коштам гэта даецца. Падчас працы ў эміграцыі кіраўніцтва, супрацоўнікі і шараговыя сябры БАЖ зазнаюць фізічнае і эмацыйнае знясіленне, пакутуюць ад разлукі з сваімі сем’ямі і супольнасцю, а таксама адчуваюць бясконцую трывогу за бяспеку сваіх сем’яў і калегаў, якія засталіся ў краіне.

Свет можа шмат чаму павучыцца ў БАЖ, у тым ліку еднасці і вынаходлівасці, з якімі Асацыяцыя, як і раней, аддана бароніць свабоду слова і інфармацыі як краевугольнага каменя дэмакратыі.

У мінулым траўні IFEX з радасцю заўважыў заслужанае прызнанне гэтых намаганняў, калі БАЖ атрымаў Сусветную прэмію ЮНЕСКА за ўнёсак у справу свабоды прэсы.

Гэта ўзнагарода таксама стала прызнаннем той выключнай працы, якую вы робіце па маніторынгу, дакументаванні і падрыхтоўцы справаздачаў пра становішча са свабодай СМІ ў краіне. У той час калі дзяржаўныя ўлады поўныя рашучасці прымусіць беларускія галасы замаўчаць, вы прыкладаеце намаганні, каб яны гучалі і надалей.

Карыстаючыся выпадкам, хочам падкрэсліць, што БАЖ не самотны. Мы бачым хаўруснікаў, такіх як ПЭН Беларусь, якія прыкладаюць намаганні ў рамках больш шырокай кааліцыі. Таксама бачым падтрымку аднадумцаў з міжнароднай супольнасці.

І яшчэ раз заяўляем ад імя ўсёй сеткі IFEX пра поўную падтрымку вашай барацьбы за свабоду СМІ, бяспеку журналістаў і іншыя дэмакратычныя памкненні Беларусі.

З выказваннямі салідарнасці,

Рэйчэл Кей

Намесніца выканаўчага дырэктара IFEX

Чытайце яшчэ:

Суд по "делу БелаПАН" возобновится 12 сентября

«90% палітэмігрантаў ня вернуцца ў Беларусь». Вялікая размова з Канстанцінам Каверыным

Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якімі былі медыя ў 90-я?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!