1548

Ідэолаг “Весты”: Распаўсюд “Борисовких новостей” у бліжэйшы час немагчымы

18.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Юрыст “Борисовских новостей” Алег Мацкевіч спрабаваў дамовіцца аб сустрэчы з намеснікам дырэктара па прававой і ідэалагічнай працы ААТ “Веста-Борисов” Алай Мінчэнка каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з заключэннем дамовы на распаўсюд газеты.

Фота edinstvo.by

Але ідэалагічны работнік наадрэз адмовілася ад візіту, спаслаўшыся на надзвычайную занятасць і падрыхтоўку да дня гандлю (адначаецца ў гэтым годзе 30 ліпеня). Пры гэтым Ала Мінчэнка заўважыла, што ўсе пытанні, якія тычацца заключэння дамовы аб распаўсюдзе “Борисовских новостей”, яна з кіраўніцтвам газеты ўжо ўзгадніла.

“Значыць, бліжэйшым часам заключэнне дагавора немагчыма?” — спытаўся напрыканцы юрыст. “Не” — адказала ідэолаг. “Ці з’яўляецца гэта добраахвотным волевыяўленнем прадпрыемства ў адпаведнасці з нормамі ГК”? — удакладніў Алег Мацкевіч. “Так”, — адказала Ала Мінчэнка.

Нагадаем, што па звестках з рэдакцыі “Борисовских новостей”, гандлёвая сетка “Веста” (15 крам), з якой дамова на распаўсюд газеты ўжо была падрыхтаваная, у самы апошні момант ад яе падпісання адмовілася. Калектыў газеты мяркуе, што на суб’екты гаспадарання аказвае ўціск мясцовая ўлада з мэтай абмежаваць канкурэнцыю друкаваных СМІ на рэгіянальным медыярынку.

Па апошніх звестках, у сувязі з перашкодамі ў сваёй дзейнасці з боку ўладаў газета “Борисовские новости” звярнулася ў міжнародныя структуры. У прыватнасці, паведамленне аб гэтым было даслана спедакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі сп. Міклашу Харашці (Miklós Haraszti), спецдакладчыку па заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выяўленне сп. Дэвіду Кей (David Kaye), дырэктару офіса Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ  сп. Франу Мароевічу (Frane Maroević).

Для друкаванага органа Барысаўскага райвыканкама газеты “Адзінства” месца на гандлёвых плошчах ААТ “Веста” заўсёды ёсць.