793

Ідэолаг не пусціла журналістаў на адкрыццё дзіцячай бальніцы ў Бабруйску

03.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Урачыстае адкрыццё адрамантаванай гарадской дзіцячай бальніцы прайшло ў Бабруйску 1 жніўня. Пасля пераразання чырвонай стужкі, была арганізаваная экскурсія па абноўленым будынку. Карэспандэнтам анлайн-газеты “Бобруйский курьер” начальніца аддзела ідэагалічнай працы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачова не дазволіла прайсці нават ў фае.

На экскурсію па бальніцы пасля цэрымоніі адкрыцця запрасілі ўсіх прысутных. Але калі разам з усімі ў будынак хацелі прайсці карэспандэнты “Бабруйского курьера”, у дзвярах з’явілася ідэолаг Тацяна Гарбачова і сказала, што далей іх не прапусціць.

“У вас няма акрэдытацыі, вы не маеце права ўвайсці, — так чыноўніца патлумачыла сваю забарону. — Тут праводзіцца мерапрыемства для кіраўніцтва і акрэдытаваных журналістаў”.

Журналістка “БК” запыталася, ці можа яна ў такім выпадку прайсці ў бальніцу як жыхарка Бабруйска. Гэтага Гарбачова таксама не дазволіла, сказаўшы, што бальніца — закрыты аб’ект.

“Вы хварэеце, што вам так трэба ў бальніцу? Запішыцеся на прыём, тады і прыйдзеце, а пакуль што, будзьце так ласкавы, не стварайце тут перашкодаў, скандалаў і паважайце іншых”, — заявіла ў адказ ідэолаг.

Пры гэтым на экскурсію прапусцілі журналістаў дзяржаўных СМІ, а таксама  карэспандэнтаў некаторых прыватных бабруйскіх медыяў, якія маюць акрэдытацыю пры гарвыканкаме.

У рэдакцыі “Бабруйского курьера” ўзнікла пытанне: што ж мясцовыя ўлады хочуць схаваць у дзіцячай бальніцы ад вачэй незалежных журналістаў?

Галоўны рэдактар “БК” Анатоль Санаценка ў сувязі з гэтым інцыдэнтам звяртае ўвагу на тое, што існуючы парадак акрэдытацыі пры выканкамах абмяжоўвае свабоду слова і пярэчыць Канстытуцыі Беларусі.

“У адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ, акрэдытацыя толькі пацвярджае права асвятляць падзеі, але не пазбаўляе яго, — кажа спадар Санаценка. — Акрамя таго, дадзены пункт Закона аб СМІ ўступае ў юрыдычную супярэчнасць з арт. 34 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. А ў выпадку разыходжання закона, дэкрэта ці ўказа з Канстытуцыяй — дзейнічае Канстытуцыя, пра што кажа арт. 137 Асноўнага закона”.

Начальніца аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачова ў ліпені патрабавала ад “Бабруйского курьера” выдаліць з сайта відэаінтэрв’ю з гараджанамі на тэму выбараў. Чыноўніца прыраўняла відэасюжэты да сацыялагічнага даследавання грамадскай думкі і назвала іх выраб і размяшчэнне на сайце незаконным. Яна пагражала выданню адміністрацыйным працэсам.

Анатоль Санаценка накіраваў запыт у Акадэмію навук Беларусі з пытаннем, ці можна відэаролікі на сайце лічыць сацыялагічным даследаваннем. Інстытут сацыялогіі НАН даслаў адказ, што такіх прыкмет у прыведзеных сюжэтах адмыслоўцы не знайшлі.

Бабруйскую дзіцячую бальніцу, пабудаваную ў 1963 годзе, закрылі на рэканструкцыю ў канцы 2018 года. Бальніца была ў вельмі дрэнным стане, і жыхары горада дамагаліся рамонту шмат гадоў.

У 2017 годзе гарадскія ўлады разам з ураджэнцам Бабруйска, спеваком Русланам Аляхно абвесцілі дабрачынны марафон па збору сродкаў на рэканструкцыю бальніцы — бюджэтных грошай не хапала. У выніку марафона сабралі 115 тысяч рублёў. Агулам рэканструкцыя каштавала 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў, рамонт фінансаваўся з абласнога бюджэту.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!