70 0

І скасаваць пасаду прэзыдэнта. 6 парадаў юрыста Пастухова, як вярнуць Беларусь да дэмакратыі

06.12.2017 Крыніца: Алег Груздзіловіч, "Радыё Свабода"

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі, вядомы праваабаронца і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў выдаў кнігу «Пад знакам Канстытуцыі». Гэта зборнік артыкулаў, якія Пастухоў друкаваў у газэце «Свободные новости» цягам апошніх 4 гадоў. Артыкулы дапоўненыя камэнтарамі, у якіх аўтар пераасэнсоўвае праблемы і дае парады, як іх вырашыць.

Презентация книги Михаила Пастухова «Под знаком Конституции» — 6 декабря, 16:00

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/9c11ff3b-a359-4fa1-b2fb-59690cd445bd_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

6 асноўных парадаў юрыста Міхаіла Пастухова пра тое, што трэба зрабіць беларускаму грамадзтву, каб вярнуць краіну на шлях дэмакратыі і прагрэсу.

Вярнуць свабодныя і сумленныя выбары

Каб правесьці свабодныя і сумленныя выбары, трэба забясьпечыць вольную дзейнасьць усіх палітычных партый. Пачынаць трэба перад бліжэйшымі мясцовымі выбарамі. На іх трэба забясьпечыць роўныя ўмовы, у тым ліку — роўную дзяржаўную падтрымку. Галоўныя патрабаваньні да такіх выбараў — новы выбарчы закон, перавыбары Цэнтральнай выбарчай камісіі і абнаўленьне ўчастковых камісій, у якія павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх партый. Пасьля свабодных мясцовых выбараў трэба правесьці свабодныя парлямэнцкія выбары.

Скасаваць пасаду прэзыдэнта

Трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, а ўлічваючы, што прайшло досыць шмат часу, трэба і ў яе таксама ўнесьці зьмены і дапаўненьні. У тым ліку я мяркую, што для Беларусі пасада прэзыдэнта залішняя. Гэты інстытут не прайшоў выпрабаваньня дэмакратыяй, ня вытрымаў экзамэну часу, у нас прэзыдэнт стаў прычынай шматлікіх бедаў і выпрабаваньняў.

Увесьці пасаду амбудсмэна і скасаваць сьмяротную кару

Неадкладна ўвесьці пасаду амбудсмэна — надзеленага дзяржаўнай уладай чыноўніка, абавязкам якога стане абарона правоў чалавека. Увядзеньне пасады амбудсмэна пачне працэс вяртаньня Беларусі на шлях краіны, у якой грамадзянскія і палітычныя правы людзей ня толькі дэкляруюцца, але іх сапраўды імкнуцца выконваць. Таксама трэба абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Гэта прадэманструе ўсяму сьвету наш каштоўнасны гуманістычны выбар.

Скараціць сілавыя структуры

Трэба скараціць велізарную армію людзей у форме, найперш тых, што служаць у МУС ды іншых сілавых установах, у тым ліку ў спэцслужбах, якіх у нас зашмат. Гэта дасьць магчымасьць падвысіць людзям заробкі ды пэнсіі.

Правесьці судовую рэформу

Трэба абнавіць склад судоў і правесьці судова-прававую рэформу. Судзьдзяў трэба не прызначаць, а выбіраць паводле рэкамэндацый адпаведных органаў судовага самакіраваньня. Зацьвярджаць кандыдатуры судзьдзяў павінны прадстаўнікі парлямэнту і мясцовых органаў улады.

Уступіць у Раду Эўропы

Беларусь мае вярнуцца ў сямʼю эўрапейскіх народаў празь вяртаньне ў Раду Эўропы, на справе паважаць эўрапейскія каштоўнасьці. А гэта немагчыма без адмены сьмяротнага пакараньня і сапраўдных дэмакратычных рэформаў.

Праблемы Беларусі пачаліся з парушэньня Канстытуцыі

Міхаіл Пастухоў правядзе прэзэнтацыю сваёй кнігі «Беларусь пад знакам Канстытуцыі» 6 сьнежня ў менскім «Прэс-клюбе» (вуліца Веры Харужай, 3-601), пачатак а 16 гадзіне.

Перад прэзэнтацыяй Пастухоў адказаў на пытаньні Свабоды.

Новая кніга Міхаіла Пастухова

Новая кніга Міхаіла Пастухова

— Вы ў кнізе закранаеце шмат праблемаў: ад недасканаласьці цяперашняй Канстытуцыі да праблемаў пэнсіянэраў, жанчын, іншых групаў насельніцтва. Ці можаце вы сьцьвярджаць, што карані гэтых праблемаў у нейкім адным месцы?

— Безумоўна. Я ж і тлумачу маім чытачам, чаму гэтыя праблемы ў нас узьніклі і як іх вырашыць. Гэта галоўнае ў маёй кнізе. А ўзьніклі яны з таго, што была парушаная Канстытуцыя 1994 году. Гэта пачалося ўжо ў 1995 годзе, а кульмінацыйным момантам стаў рэфэрэндум 1996 году. Бо ў выніку ў нас фактычна была згорнутая дэмакратыя і законнасьць — адсюль усе нашы праблемы. А каб вярнуцца на шлях разьвіцьця і дэмакратыі, трэба найперш аднавіць Канстытуцыю, выконваць правы людзей і праводзіць сумленныя выбары — як у нармальных эўрапейскіх краінах. Толькі тады ўсё будзе ў нас добра — і заробкі з пэнсіямі будуць нармальныя, і ніхто не пасьмее нас прыгнятаць, зьбіваць, прыніжаць. Але дзеля гэтага трэба жыць па Канстытуцыі.

— А да Канстытуцыі ўзору 1996 году ў вас таксама ёсьць прэтэнзіі?

— Канечне, зь яе і трэба пачынаць. Трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, а ўлічваючы, што прайшло досыць шмат часу, трэба і ў яе таксама ўнесьці зьмены і дапаўненьні. У тым ліку я мяркую, што для Беларусі пасада прэзыдэнта залішняя. Гэты інстытут не прайшоў выпрабаваньня дэмакратыяй, ня вытрымаў экзамэну часу, у нас прэзыдэнт стаў прычынай шматлікіх бедаў і выпрабаваньняў. Калі вярнуцца да той формы праўленьня, якая ў нас была да ўвядзеньня прэзыдэнцтва, дык гэта будзе аптымальная мадэль для Беларусі — парлямэнцкая дэмакратыя, дзе галоўным заканадаўчым органам стане сапраўды парлямэнт, а не цяперашні яго імітатар.

— Для каго напісаная гэтая кніга?

— Для шырокага кола людзей, якім неабыякавая цяперашняя сытуацыя ў Беларусі. Дзеля іх я сабраў гэтыя артыкулы, каб можна было паразважаць пра шляхі далейшага разьвіцьця нашай краіны. Тое, што мы павінны разьвівацца — гэта адназначна, хопіць таптацца на адным месцы, на якім мы ўжо больш за 20 гадоў. Жыць савецкім мінулым, фактычна паводле сталінскіх парадкаў. Мы павінны выйсьці на эўрапейскі шлях разьвіцьця, вярнуцца ў эўрапейскі дом.

— У цяперашняй Беларусі рашэньні прымае адзін чалавек, які абапіраецца на чыноўніцкую эліту. Людзі адтуль здольныя вас пачуць?

— Лічу, што не. Але мяркую, што галоўны субʼект улады і палітыкі ў нас народ. Гэтак запісана ў 3-м артыкуле Канстытуцыі Беларусі. Менавіта народ — крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт сувэрэнітэту. Людзі павінны гэта асэнсаваць, зразумець, што ад іх таксама шмат што залежыць, кожны з нас таксама носьбіт улады, а значыць, адказвае ня толькі за цяпершчыну, але і за будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей. Вось калі будзе больш такіх адукаваных адказных людзей, дык, мяркую, адбудуцца пазытыўныя зьмены і ў нашым жыцьці.

— Вы заўважаеце пазытыўныя зрухі ў разьвіцьці беларускага грамадзтва за час, які ахоплівае ваша кніга — ад 2014 году?

— Так, яны ёсьць, народ пачынае прачынацца. Мяркую нават па водгуках, якія я атрымліваў цягам гэтых гадоў на свае артыкулы ў «Свободных новостях». Мне пішуць, звоняць па тэлефоне, выказваюць падтрымку маім поглядам, патрабуюць пераменаў. Магчыма, гэтая падтрымка дадае мне сілаў.

— Вы мяркуеце, прыхільнікаў вашых поглядаў становіцца больш?

— Цяжкае пытаньне. Мяркую, наша грамадзтва падзялілася — на тых, хто служыць дзейнай уладзе, і на тых, каму гэтая ўлада абрыдла, бо яны бачаць у ёй тормаз для нармальнага разьвіцьця. Але гэтыя людзі ўсё больш замыкаюцца на сваіх інтарэсах. І праблема Беларусі якраз у тым, што яна падзеленая на два лягеры. Тыя, хто за Лукашэнку — і гэты лягер становіцца ўсё меншы і слабейшы; і тыя, хто супроць гэтай сыстэмы ўлады і патрабуе яе зьмены.

Але станоўчы вынік, мяркую, будзе толькі тады, калі адбудзецца яшчэ большы падзел і зьявяцца больш сурʼёзныя эканамічныя прычыны палітычных зьменаў. Павінны паўплываць і зьнешнія прычыны. Усё разам павінна спрацаваць.

Пакуль жа сыстэма ўлады застаецца ранейшай, хоць паступова і дэградуе. Узяць хаця б тое, што больш жорсткімі становяцца захады супраць людзей, якія выходзяць на акцыі пратэсту. Павялічваецца ціск на незалежныя мэдыі, ідзе перасьлед лідэраў палітычнага пратэсту. То бок улада спрабуе ўтрымаць кантроль над палітычнай сытуацыяй праз больш суворыя захады, а гэта таксама паказчык дэградацыі.

Каментары