2561

Хваля папярэджанняў незалежным рэгіянальным выданням

02.03.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Папярэджанні СМІ і журналістам

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні адразу некалькім незалежным рэгіянальным выданням. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак да выходных дадзеных. Рэдактары збіраюцца звяртацца ў суд.

На дадзены момант вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона “Аб СМІ” як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: “Газеце Слонімскай”, “Intex-Press” у Баранавічах і “Ганцавіцкаму часу”.

У прыватнасці, “Газету Слонімскую” звінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад газеты. Разам з тым, як бачна з выкладзеных на сайце PDF-версій газеты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.

Рэдакцыю газеты “Intex-Press” у Баранавічах вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання.

– Дастаткова было б званка з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно насамрэч не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі вырашыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя сілы: глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку”, – пракаментавалі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сітуацыю ў рэдакцыі “Intex-Press”.

Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі мае і да рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”.

– Безумоўна, мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне, хаця б таму, што наша выданне ў той дзень, за які вынесенае папярэджанне, нават не выходзіла. А па-другое, некаторыя дзяржаўныя рэгіянальныя выданні не толькі не пазначаюць "Рэспубліка Беларусь", а нават пра Міністэрства інфармацыі ў выходных дадзеных не ўзгадваюць увогуле , – заявіў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі.

Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць у чарговы раз патрапіць пад пераслед.