343

“Хутка такой Беларусі не будзе”. У Бабруйску адчынілася выстава фатографа Уладзіміра Шарнікава

12.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Больш за 120 здымкаў бабруйскага фотамастака, сябра ГА “БАЖ”, распавядаюць пра прыроду, культурную спадчыну і людзей Беларусі.


Сакрэт добрай фатаграфіі — прафесіяналізм ці магія?

Уладзімір Шарнікаў — фотамастак, фотакарэспандэнт. Сябра беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, сябра народнага фотаклуба “Мінск”, удзельнік і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў — атрымаў 1-е месца на 3-м беларускім конкурсе лічбавай фатаграфіі “Photo Digital Drive” ў намінацыі “Лаві імгненне”, 2-е месца ў 1-м рэспубліканскім конкурсе “Мая Беларусь” у намінацыі “Чалавек”, прэмію і ўзнагароду фонда “Фатаграфія для будучыні” на фотаконкурсе “Толькі адно імгненне” ў Польшчы, перамог у конкурсе “Прэс-фота Беларусі” ў 2012 годзе ў намінацыі “Прырода”.

Зацікавіўся фатаграфіяй і пачаў здымаць спадар Шарнікаў падчас вайсковай службы, стажу якой мае дваццаць тры гады. Пасля звальнення, цягам апошніх дваццаці пяці гадоў ён працаваў фотакарэспандэнтам для такіх газет, як “Комсомольская правда” в Беларуси”, “Пресссбол”, “Бобруйский курьер”, “Коммерческий курьер”, “Белорусский шинник”.

“Уладзімір Шарнікаў для мяне — унікальны чалавек, — адзначыў на адкрыцці выставы бабруйскі мастак Анатоль Концуб. — Ён сапраўдны прафесіянал. І гэта не ўпала з неба. Гэта тысячы кіламетраў, якія ён праехаў на ровары, на машыне, па вёсках, па ваколіцах, з поўначы на поўдзень, з захаду на ўсход Беларусі. Гэта вялізная праца. Я зайздрошчу гэтай энэргіі, запасу сіл, уменню так шмат бачыць у гэтым свеце, чаго мы часта не заўважаем”.

Кажучы пра мастацкую якасць прац Шарнікава, Анатоль Концуб звярнуў увагу на прыроднае пачуццё кампазіцыі, прыгажосці.

“Мы, мастакі, усе недзе і ў некага вучыліся кампазіцыі, колеру, малюнку. А спадар Уладзімір гэта адчувае ад прыроды. Ён знаходзіць самую лепшую кропку і кампазіцыю, і гэта мяне больш за ўсё ўражвае”, — сказаў мастак.

Бабруйскі фотакарэспандэнт, сябра ГА “БАЖ” Аляксандр Чугуеў распавёў пра сваё бачанне “магіі” прац Уладзіміра Шарнікава.

“Вось фотаапарат, — сказаў Аляксандр, паказваючы на сваю камеру. — Усе фатографы ведаюць, што ў ім ёсць дэталь, якая завецца пентапрызмай. Гэта такое пяціграннае шкло, праз якое святло трапляе на матрыцу фотаапарата. Ва ўсіх камерах яна такая, а ў спадара Ўладзіміра — не. У яго замест пентапрызмы — уласны светапогляд і досвед. Таму і адбываецца магія. Ва ўсіх ягоных працах не проста адлюстраванне рэчаіснасці, а думка аўтара, якую ён хоча да нас данесці”.

“Я бачу, як памірае беларуская вёска”

Сам Уладзімір Шарнікаў на адкрыцці выставы сказаў, што фатаграфія захоўвае і распавядае гісторыю, і прымушае задумвацца пра сённяшні дзень і будучыню.

“Я праехаў шмат населеных пунктаў у Беларусі, больш за тры тысячы. Часам я вяртаюся ў тую самую вёску, дзе быў некалькі гадоў таму, і бачу, што там ужо няма тых дамоў, якія я некалі фатаграфаваў, ці нават самой вёскі няма. Яна засталася толькі на маіх здымках. Пра тое, што тут была вёска, можна пазнаць толькі садовых дрэвах — яблынях, грушах. Я бачу, што беларуская вёска памірае”, — распавёў фатограф.

Уладзімір Шарнікаў любіць вандраваць па Беларусі роварам.

“Спрабаваў машынай, але гэта так — толькі сябе возіш. Фотаздымкаў добрых не будзе, — пераканаўся фатограф. — З роварам ты больш вольны, весь у пыле, брудны, у гумовых ботах, сярод мясцовых жыхароў — ты свой. Паразмаўляеш пра бульбу, пра ўраджай і можаш хаваць тэлеаб’ектыў, даставаць той, што карацейшы і шырэйшы — людзі ўжо гатовыя раскрыцца”.

Уладзімір Шарнікаў звярнуў увагу гасцей адкрыцця выставы на фотаздымак старога вятрака.

“Фатаграфія для мяне — гэта і гісторыя маёй сям’і. Вось рэальны млын майго дзеда ў вёсцы Ляды Жлобінскага раёна. Я там пацаном поўзаў. А побач са здымкам — адказ з Расійскай Федэрацыі, які даслалі для маёй маці, дачкі майго дзеда, на адрас бабруйскага КДБ. Далі паглядзець асабістую справу. Але ў ёй не было двух старонак — хто пісаў даносы і хто растрэльваў. Калі была праведзеная рэбілітацыя, то выплочвалі кампенсацыю. Мы палічылі — хапіла б толькі на квіток да Жлобіна і назад. А забралі — 40 гектараў зямлі, 2 каня, 2 працоўных валы, 5 кароў, дом з гаспадарчымі пабудовамі, вятрак. Гэта колькі? Квіток да Жлобіна? Дзякуй савецкай уладзе”.

Фатаграфія — гэта нагода для рэфлексіі і пра сённяшні дзень і пра нашу будучыню, перакананы спадар Шарнікаў.

“Вось фотаздымак са знакам з папярэджаннем аб радыяцыйнай небяспецы. А за знакам пшаніца расце. Наводзіць на роздумы”.

Нягледзячы ні на што, з’ехаць спадар Уладзімір ніколі не хацеў:

“Тут — мая радзіма. Такая, якая ёсць. І такую я яе люблю. І такой яе хутка не будзе. Таму я і спяшаюся здымаць”.

Уладзімір Шарнікаў хацеў бы выдаць тры альбомы са сваімі працамі, падзеленыя тэматычна: прырода, народная архітэктура, чалавек. Але пакуль на гэта не хапае сродкаў.

Выстава будзе працаваць у Бабруйску да 9 снежня ў мастацкай галерэі імя Г. Паплаўскага (вул. Горкага, 28).