344

Human Rights Watch: размова ідзе ўжо не толькі пра барацьбу з пратэстоўцамі, а пра вынішчэнне іншадумства

26.10.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Наступленні на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі былі галоўнымі тэмамі канферэнцыі, якая праводзілася ў віртуальным рэжыме з ініцыятывы ААН. У ёй узялі ўдзел Святлана Алексіевіч, прадстаўнікі Камітэту абароны журналістаў і праваабаронцы арганізацыі Human Rights Watch, перадае «Голос Америки».

Пра падзеі ў Беларусі ўдзельнікам сустрэчы апавяла нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Паводле яе, «сутыкненне з дыктатурай было прагназаваным, але ніхто не чакаў настолькі варварскай рэакцыі». Пры гэтым Святлана Алексіевіч упэўнена, што ад мары жыць у свабоднай краіне большасць беларусаў не адмовілася.

«Нам давялося мець справу з двума сіламі: з а аднаго боку Лукашэнка, з іншага — вялізны мядзведзь Расія. Гаворка не толькі пра тое, што рэжым намагаецца ў страху трымаць увесь народ, запужаць народ, пазбавіць яго інстынкту свабоды і веры ў сябе, але ён ідзе і на тое, каб знішчыць цалкам грамадзкую супольнасць і культурнае жыццё краіны», — адзначыла яна.

У верасні вярхоўны камісар правоў чалавека ААН Мішэль Бачлет апавядала пра катаванні і жорсткае абыходжанне з удзельнікамі пратэстаў.

Цяпер, як лічаць праваабаронцы Human Rights Watch, гаворка ідзе ўжо не толькі пра барацьбу ўладаў з пратэстоўцамі, а пра вынішчэнне іншадумства.

Пра гэта ўдзельнікам сустрэчы расказала Рэйчэл Дэнбэр, куратарка аддзелу Еўропы і Сярэдняй Азіі ў Human Rights Watch.

«За час нашага назірання за Беларуссю мы бачылі там і наступ на правы чалавека, і праяву аўтарытарызму, і нават вельмі жорсткі наступ на правы чалавека, але тое, што мы бачылі цягам апошняга году, гэта ўжо зусім іншая справа. Гэта спроба не толькі пераследаваць актывістаў ці ўскладніць ім жыццё, а поўнае знішчэнне іншадумства», — заявіла Рэйчэл Дэнбэр.

У сваю чаргу спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марын казала пра тое, што наступ на грамадзянскія правы вядзецца не толькі ў палітыцы, але і ў культуры.

«Беларуская канстытуцыя ўсталёўвае беларускую мову ў якасці дзяржаўнай, і тым не менш, дзесяцігоддзямі існуе практыка дыскрымінацыі тых, хто размаўляе на беларускай. Мяне асабліва непакоіць абмежаванае выкарыстанне беларускай мовы ў вышэйшай і сярэдняй адукацыі», — адзначыла Анаіс Марын.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі міжнародную супольнасць праз дыпламатычныя падважнікі паўплываць на Мінск і не дапусціць канчатковага задушэння ў краіне грамадзянскіх свабодаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!