160 0

Hrodna.life запусціў краўдфандынг: ахвярадаўцы змогуць удзельнічаць у планёрках рэдакцыі

14.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскія журналісты запусцілі краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў для адзінага беларускамоўнага СМІ ў горадзе — сайта Hrodna.life. За год працы ў гэтага інтэрнэт-рэсурса, што вырас з выдання “Твой Стыль”, з’явілася сталая каманда, аднак сёння, поводле рэдактара сайта Аляксея Шоты, старонцы вельмі патрэбная падтрымка чытачоў, у тым ліку і фінансавая.

"Hrodna.life не зусім тыповае медыя. Хоць у нас ёсць рэклама, мы — не цалкам камерцыйныя. Мы ствараліся першапачаткова, як праект грамадскіх арганізацый. Мы верым у тое, што робім патрэбныя для гродзенцаў рэчы. Ёсць практычныя прыклады: за апошні год працы, мы шмат чаго  дамагліся ў горадзе, з намі лічацца гарадскія ўлады і арганізацыі, — кажа Аляксей Шота. — Таму мы разлічваем на дапамогу нашых чытачоў. Бо мы працуем перадусім для іх".

Кіраўнік рэдакцыі Hrodna.life кажа, што грошы патрэбныя перадусім, каб годна аплочваць працу журналістаў, а таксама на развіццё сайта. І спадзяецца, што збор сродкаў дапаможа зрабіць так, каб для многіх аўтараў гэтая праца была не толькі асноўнай, але і адзінай. Бо калі чалавек на 100 % будзе аддаваць сябе сайту, то і вынік будзе яшчэ лепшым.

Паводле яго слоў, колькасць рэкламы за апошні год павялічылася. Нікога ўжо не палохае беларускамоўны сайт. Наадварот — расце зацікаўленасць. Але даходаў ад рэкламы яшчэ недастаткова, каб забяспечыць працу рэдакцыі. Таму і патрэбная дапамога.

"Вынік на сёння я лічу выдатным: мы камандай з трох чалавек робім працу, якую многія не робяць і камандай з двадцаці. А з нашымі чытачамі мы зможам дасягнуць яшчэ больш", — перакананы Аляксей.

У планах Hrodna.life на наступны год: пашырыць штат журналістаў,а таксама развіваць рэкламную службу, каб павялічыць камерцыйныя даходы.

Дапамагчы сайту Hrodna.life магчыма на адмысловай старонцы праекта на "Талацэ".

Рэдакцыя сайта абяцае кожнаму, хто яе падтрымае, — розныя бонусы і падарункі.

Каментары